Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня будуць судзіць удзельнікаў акцыі пратэсту


Сёньня ў суды Цэнтральнага і Маскоўскага раёнаў Менску прывязуць затрыманых удзельнікаў учарашняй акцыі пратэсту прадпрымальнікаў.


У суды Цэнтральнага і Маскоўскага раёнаў раніцай прыйдуць сваякі і сябры затрыманых удзельнікаў акцыі прадпрымальнікаў 21 студзеня.
Нагадаем: удзельнікі акцыі (каля 2 000 чалавек) прайшлі калёнай ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасьці, адкуль іх выціснулі сотні спэцназаўцаў. Пад час разгону акцыі, якой кіраваў асабіста міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў, былі затрыманыя некалькі чалавек. Дагэтуль невядома дакладная лічба людзей, якіх прывязуць у суды. Але вядомыя прозьвішчы некаторых затрыманых актывістаў з незарэгістраваных моладзевых арганізацый. Трое з Альянсу, шасьцёра – з “Ініцыятывы”, двое – з “БУНТ” і адзін з культурніцкай арганізацыі “Вока”.
Сябры з “Альянсу Маніфэста “Час перамагаць” распаўсюдзілі Заяву, у якой асуджаюць разгон мірнай дэманстрацыі беларускімі ўладамі і патрабуюць вызваленьня затрыманых. Падпісалі Заяву прадстаўнікі моладзевых арганізацый “БУНТ”, “Ініцыятыва”, “Моладзь.орг”, “Трэці шлях”.
Паплечнікі будуць чакаць у судах Дар’ю Ракушку, Андрэя Кіма, Аляксея Бондара, Валянціна Сакалоўскага ды іншых.
Пасьля акцыі прадпрымальнікаў, якая адбылася 10 студзеня, міліцыянты штодня затрымлівалі моладзевых актывістаў і прывозілі іх у суды. Штодня судзьдзі арыштоўвалі маладзёнаў. Адных за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, іншых – за дробнае хуліганства.
Міліцыянты шукаюць нават непаўналетніх актывістаў моладзевага руху. Актывістка незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Алена Макарэвіч апавяла “Свабодзе”, што яе маці патэлефанавалі супрацоўнікі КДБ і запрасілі на размову.
“Маёй маме тэлефанавалі з КДБ і паведамілі, што я была на мітынгу прадпрымальнікаў. Яе выклікалі на размову і паабяцалі паказаць фотаздымкі. Бацькам маёй сяброўкі таксама патэлефанавалі і сказалі, што яе таксама бачылі на акцыі і бачылі, як яна сама рабіла фотаздымкі. Яе бацькоў таксама выклікалі на размову. На Кастрычніцкай плошчы я бачыла дырэктара школы, які хадзіў там і глядзеў, ці прыйшла я туды”.
Сьпіс апазыцыянэраў, якія адбываюць арышты ў турме на вуліцы Акрэсьціна павялічыўся да 40 чалавек. У турме знаходзяцца старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, Франак Вячорка, Людміла Атакулава, Кася Краснова, лідэр арганізацыі прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка ды іншыя.
Калі арыштуюць затрыманых учора на акцыі прадпрымальнікаў 21 студзеня, то за кратамі турмы на вуліцы Акрэсьціна стане больш за паўсотні апазыцыянэраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG