Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Усяму бізнэсу надыходзіць поўны крах…”


Як вы ставіцеся да пратэстаў прадпрымальнікаў, ці падтрымліваеце іхнія патрабаваньні? На гэтыя пытаньні адказвалі гарадзенцы.


Карэспандэнт
: “Гарадзенскія прадпрымальнікі пратэстуюць супраць указу № 760. Яны спрабавалі сабрацца на плошчы Леніна, але ім не далі, і мы бачым, што вось прайшоў патруль у чорных бэрэтах, у чорнай форме, у цэнтры гораду адбываецца ўзмоцненае патруляваньне. Вашае стаўленьне да гэтых пратэстаў?”

Спадарыня: “Канечне, яны пратэстуюць справядліва. Працавалі людзі, а цяпер працы ў іх ня стала, трэба свае правы абараняць. А чаго міліцыя іх разганяе?”

Малады спадар: “Атрымліваецца, прадпрымальнікі цяпер маюць няроўныя правы: у каго ёсьць сваякі, той мае магчымасьць для разьвіцьця, а ў каго няма патрэбных сваякоў, той такой магчымасьці ня мае…”

Маладая спадарыня: “Я магу сказаць, што ў кожнай цывілізаванай дзяржаве, калі людзі незадаволеныя, яны выходзяць на плошчу. І я ня ўпэўнена, што ў кожнай дзяржаве будуць проста забараняць людзям выйсьці на плошчу. Нават гэта сьведчыць аб тым, наколькі свабодна мы жывём”.

Спадарыня:
“Я падтрымліваю прадпрымальнікаў і проста зьдзіўляюся, што ў нашай дзяржаве прыватны бізнэс не падтрымліваецца, усё робіцца дзеля таго, каб ён перастаў існаваць”.

Маладая спадарыня: “Тое, што было раней, так і павінна застацца, бо ня ўсе сваякі могуць працаваць у прадпрымальніка. І сапраўды, шмат хто цяпер застаўся бяз працы”.

Спадар: “Я лічу, што правільна робяць, што пратэстуюць. Цяжкавата стала і прадпрымальнікам, і простым людзям, таму што палова крамаў закрываецца, столькі людзей сталі беспрацоўнымі. Але вада камень точыць, пратэставаць трэба. Улады будуць бачыць, што ў людзей ёсьць іншая думка, што яны не дурныя, і што нельга зь імі так — душыць, душыць і душыць”.

Ягоны прыяцель:
“Трэба пратэставаць”.

Спадар: “Думаю, што пратэсты справядлівыя. Але дамагчыся ў нашай краіне чагосьці, напэўна, нерэальна. У майго брата бізнэс, але семдзесят пяць адсоткаўзьядаў падатак. Ён закрыўся цяпер”.

Карэспандэнт: “Зразумела. А ці ўдзельнічае ваш брат у цяперашніх пратэстах?”

Спадар: “Ведаеце, ён сам ня з Горадні, ён за сто кілямэтраў адсюль жыве, у гарадзкім пасёлку. А там людзі ўсяго баяцца. Паміраць будуць, але нічога рабіць ня стануць”.

Іншы спадар: “Я думаю, што пратэсты справядлівыя і шмат можна зьмяніць, але гэта павінна быць масавая акцыя. Я думаю, што ўся справа ў тым, што пры такім рэжыме, які існуе цяпер у нашай дзяржаве, людзі ўсе запалоханыя. Толькі праз гэта, я думаю, яны баяцца выходзіць на плошчу і адстойваць свае эканамічныя і палітычныя правы ды інтарэсы”.

Малады спадар:
“Усе выдатна разумеюць, што ўсяму бізнэсу надыходзіць поўны крах. Я думаю, што гэтым проста так ня скончыцца, таму што людзі ўсе на ўзводзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG