“Гэта можа быць вуліца Жукоўскага, на якой Юрый Захаранка жыў і дзе яго скралі, ці нейкая іншая вуліца. Галоўнае — ушанаваць памяць вядомага палітыка і дзяржаўнага дзеяча, былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі”, — патлумачыў Радыё Свабода лідэр “Маладых дэмакратаў” Міхаіл Пашкевіч.
Паводле Міхаіла Пашкевіча, цяпер актывісты вывучаюць магчымасьць падобнай ініцыятывы і адносна іншых зьніклых апазыцыянэраў — Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага.
Нагадаем, Юрыя Захаранку скралі ў траўні 1999 году, гэтая справа ўсё яшчэ расьсьледуецца. Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі былі скрадзеныя ў верасьні 1999 году, іх лёс таксама ня высьветлены. Толькі журналіста Зьмітра Завадзкага, якога скралі ў 2000 годзе, суд прызнаў нябожчыкам, але цела былога апэратара ОРТ дагэтуль ня знойдзена.