Генэрал-маёр Валер Яромкін ніколі не працаваў у пэнітэнцыярнай сыстэме, але на працягу больш як 20 гадоў зьвязаны зь міліцыяй. Ён нарадзіўся ў Мардовіі, у Менску скончыў вышэйшую школу міліцыі, быў апэратыўным упаўнаважаным, кіраваў Кастрычніцкім і Цэнтральным райаддзеламі Менска і працаваў у сталічнай управе міліцыі.
“Да нас даходзілі зьвесткі, што пасада начальніка Дэпартамэнту стане, як кажуць, “палітычнай”. Раней яе займалі выключна прафэсіяналы, зараз будуць ставіць міліцыянтаў зь іншых галінаў. Магчыма, гэта зьвязана з пытаньнем пра палітзьняволеных”, — пракамэнтавала прызначэньне Валера Яромкіна сваячка аднаго з палітвязьняў.
Беларускія праваабаронцы і “Міжнародная амністыя” мяркуюць, што некалькі чалавек утрымліваюцца ў беларускіх турмах з палітычных прычын. Сярод іх Аляксандар Казулін, Андрэй Клімаў, Зьміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч. Афіцыйныя асобы Беларусі наяўнасьць палітвязьняў адмаўляюць.