Ля будынка аблвыканкаму яны патрабавалі перагледзець прэзыдэнцкі ўказ, які забараняе індывідуальным прадпрымальнікам выкарыстоўваць наёмную працу асобаў, якія не даводзяцца ім сваякамі.
Прадпрымальнікі пачалі зьбірацца на плошчы а дзясятай раніцы. Да адзінаццаці гадзінаў іх сабралася каля паўтары сотні. Стыхійны мітынг доўжыўся каля гадзіны. Людзі абураліся ўказам прэзыдэнта. Вось некаторыя выказваньні:
“Гэта парушэньне канстытуцыйнага права. Я павінна звольніць прадаўца, якому засталося два гады да пэнсіі. Я павінна звольніць цяжарную”, — абуралася спадарыня.
“З новага году я беспрацоўны. Хто мне адкажа, што мне рабіць?” — пытаўся ў грамады спадар.
“Дзе нам знайсьці бухгальтара таго ж самага. Недасьведчаны бухгальтар так падвядзе, што мы ўсё страцім”, — зазначала іншая спадарыня.
Група прадпрымальнікаў цягам учорашняга дня сабрала блізу двухсот подпісаў пад зваротам за адмену ўказу № 760. У лісьце прадпрымальнікі зьвяртаюцца да мясцовай улады:
“Мы вылучаем наступныя патрабаваньні: першае — накласьці маратор на пункт 1.1 Указа № 760. Другое — давесьці да ведама высокапастаўленага кіраўніцтва й прэзыдэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі пра крызысную сытуацыю ў Рэспубліцы Беларусь”, — зачытала ліст прадпрымальніца Тацяна Магілеўская.
На мітынгу пад лістом падпісаліся яшчэ паўтары сотні прадпрымальнікаў. Ліст перадалі ў гарвыканкам і аблвыканкам.
Перад дванаццатай гадзінай да прадпрымальнікаў выйшаў начальнік управы прадпрымальніцтва Магілёўскага аблвыканкаму Віктар Красоўскі. Ён паабяцаў перадаць патрабаваньні мітынгоўцаў кіраўніцтву горада і вобласьці.
На чатырнаццаць гадзін спадар Красоўскі запрасіў у аблвыканкам старшыняў радаў прадпрымальнікаў, каб супольна скласьці ліст да ўраду Беларусі і прэзыдэнта.
А 14 гадзіне прадпрымальнікі зноў пачалі зьбірацца на плошчы Леніна і чакаць вынікаў перамоваў. Празь дзьве гадзіны да іх выйшлі старшыні прадпрымальніцкіх радаў зь непадпісаным лістом на імя намесьніка старшыні ўраду Кабякова. Зачытаным лістом прадпрымальнікі засталіся незадаволеныя і пастанавілі заўтра сабрацца на плошчы Леніна зноў.
Вось як пракамэнтаваў “Свабодзе” візыт у аблвыканкам прадпрымальнік Канстанцін Галіцкі:
“Што можна сказаць, калі няма чаго казаць, калі гэтая паперка подпісу ня мае, нічога”.
Заўтра ў аблвыканкаме павінна адбыцца відэаканфэрэнцыя з удзелам намесьніка старшыні ўраду Кабякова. На яе зьбіраюцца запрасіць прадстаўніка ад прадпрымальнікаў. Да гэтага мерапрыемства прадпрымальнікі падрыхтуюць свае патрабаваньні.
Паводле інфармацыі аднаго зь лідэраў прадпрымальніцкага руху В.Гарбачова, страйк ахапіў усе буйныя гарады: у Салігорску і Барысаве ня выйшлі на працу прыкладна 80% ІП, у Магілёве, Рэчыцы і Сьветлагорску — 90-95%. У Берасьці каля 90% ІП падтрымалі агульнарэспубліканскую акцыю пратэсту, паведаміў БелаПАН.
Таксама ў Менску сёньня, паводле інфармацыі сайту moladz.org, ня выйшаў на працу вялікі працэнт кіроўцаў маршрутных таксовак.