Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дар'я Ліс і Аляксандар Фядута аб новым праекце


Сёлета мы зрабілі новай крок у нашай грамадзянскай журналістыцы – далі слухачам права стаць па чарзе грамадзкімі рэдактарамі тыдня.


Абавязкі грамадзкага рэдактара: ацэньваць праграмы “Свабоды”, прапаноўваць свае тэмы і адрасы для рэпартажаў, інтэрвію, вокс-попаў у адмысловай 30-мінутнай пятнічнай перадачы. Акрамя таго, грамадзкі рэдактар тыдня дае інтэрвію, камэнтуе матэрыялы журналістаў радыё, працуе ў жывым начным эфіры.

Сярод тых, хто на грамадзкіх пачатках рэдагаваў “Свабоду”, – жонка палітвязьня Аляксандра Казуліна спадарыня Ірына, акадэмік Радзім Гарэцкі, рэжысэр і сцэнарыст Леанід Міндлін, работніца страхаваньня зь Верхнядзьвінску Валянціна Кудлацкая, старшыня рады міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня “Згуртаваньне беларусаў сьвету” “Бацькаўшчына” Алена Макоўская – усяго дванаццаць чалавек.

Праект “Грамадзкі рэдактар “Свабоды” стартаваў у апошнім квартале 2007 году. Аднак, паводле ацэнак як слухачоў, наведнікаў сайту, так і мэдыяэкспэртаў, ён адразу ж зьвярнуў на сябе ўвагу. Цыкль і хваляць, і крытыкуюць. Калі падсумаваць ацэнкі – прапануюць разьвіваць ідэю. Але – у якім напрамку?

Уліцёнак
: “У нашай перадачы бяруць удзел паліттэхноляг, літаратар Аляксандар Фядута і літаратарка Дар’я Ліс зь мястэчка Залесьсе Смаргонскага раёну. Зь дзяцінства Дар’я абмежаваная ў руху, аднак, нягледзячы на гэта, скончыла сталічны пэдунівэрсытэт і цяпер займаецца рэпэтытарствам. Апроч таго, Даша актыўна супрацоўнічае зь незалежнай прэсай – у прыватнасьці вядзе свае калёнкі ў “Свободных новостях-плюс”, друкуецца ў “Нашай ніве”, піша вершы.

Сёньня мы паспрабуем падсумаваць першыя крокі праекту, а яшчэ – па-рэдактарску глянуць на працу журналістаў-свабодаўцаў. Гэта, дарэчы, адна з функцыяў грамадзкага рэдактара, абавязкі якога ў свой час выконвалі і Дар’я Ліс, і Аляксандар Фядута.

Пачнём з уражаньняў ад рэдактарства на нашым радыё. Даша, вам слова!”

Ліс: “Радыё Свабода – знакавы для Беларусі і беларускасьці брэнд. І адна зь яго фішак – праект “Грамадзкі рэдактар”. Дзякуючы яму я чарговы раз пераканалася, колькі ж неардынарных людзей у нас у краіне і колькі нераскрытых, непаднятых тэмаў.

Асабіста для мяне тое рэдактарства было вельмі карысным, адным з самых моцных уражаньняў 2007 году. Я ўдзячная за шанец асьвятліць вельмі важную для мяне тэму – што перашкаджае ў Беларусі жыцьцю чалавека з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі. Спадзяюся, мне ўдалося распавесьці пра многія важныя рэчы. У прыватнасьці пра тое, што інваліднасьць не павінна вызначаць лёс чалавека. Толькі карэктаваць. Камусьці проста патрэбен шанец – атрымаць добрую адукацыю, працу. Камусьці, як маёй знаёмай Лене з дому-інтэрнату ў Гомельскай вобласьці, патрэбен проста кампутар: яна можа пісаць толькі левай рукой, бо правая паралізаваная. Вось такі просты і адначасова складаны прыклад”.

Фядута: “Было вельмі цікава параўнаць, бо раней ужо меў досьвед працы ў газэце і на тэлебачаньні. Тым больш у Радыё Свабода рэпутацыя вельмі прафэсійнага СМІ. Калегі праявілі і пачуцьцё гумару, і пэўную фантазію пры распрацоўцы перадачы. Спадзяюся, яна была цікавая слухачам”.

Уліцёнак: “Зараз – пажаданьні вашым наступнікам. У адрозьненьне ад калядных ды навагодніх, яны павінны быць не сьвяточнымі, а канструктыўнымі. З аднаго боку, гэта тычыцца рэдакцыі “Свабоды”: каго, на ваш погляд, канцэптуальна, так бы мовіць, і пэрсанальна радыё мае запрашаць для ўдзелу ў гэтым праекце? А з другога боку, пажаданьні будучым рэдактарам: як лепш ім выкарыстаць дадзеную ім магчымасьць?”

Фядута: “Будучым рэдактарам трэба быць менш палітызаванымі. Жыцьцё наша не складаецца выключна з палітыкі. І найлепшыя праграмы, зробленыя на замову грамадзкіх рэдактараў, гэта, на мой погляд, былі праграмы менавіта па-за палітыкай. Кожная перадача любога радыё павінна быць канструктыўнай”.

Уліцёнак: “Аляксандар, а каго б вы запрасілі на ролю грамадзкага рэдактара?”

Фядута: “Найперш маладых, як тая самая Даша Ліс. Маладых настаўнікаў, мэдыкаў – усіх, акрамя журналістаў. Бо яны прапаноўваюць самае нецікавае”.

Ліс: “Я згодная са спадаром Аляксандрам, што залішняя палітызацыя шкодзіць нашым незалежным мэдыям. Бо чалавек – гэта цэлы сьвет. Думак, пачуцьцяў, прынцыпаў... Тое, што робіць грамадзкі рэдактар “Свабоды”, дапамагае раскрыць сьвет Беларусі і беларусаў больш поўна. Жадаю нашым наступнікам больш плённа супрацоўнічаць з прафэсійнымі журналістамі пры падрыхтоўцы сюжэтаў на замоўленыя тэмы. А чарговым рэдактарам я б хацела чуць маладога доктара ці спрактыкаванага хірурга, які робіць складаныя апэрацыі тут і цяпер”.

Уліцёнак: Нагадаю: праект называецца “Грамадзкі рэдактар “Свабоды”. У сувязі з гэтым мы ня можам абысьці праблему вызначэньня плюсоў і мінусаў радыё ў цэлым”.

Ліс: “Я цікаўлюся палітыкай, соцыюмам, таму радыё падабаецца. Але зноўку ж: немагчыма пастаянна жыць на барыкадах: што б там ні здаралася ў нашай краіне, жыцьцё працягваецца. І ёсьць вельмі важныя тэмы, якія “Свабода” абмінае. Найперш сацыяльная праблематыка, а па-другое – экалёгія.

Вось нам сказалі: “У вас будзе АЭС!” Меркаваньня грамадзянаў пры гэтым не спыталі. І, на жаль, грамадзкага абмеркаваньня таго будаўніцтва няма. Цікава было б пачуць пра экалягічныя ініцыятывы – ці ёсьць яны насамрэч у Беларусі? Хто выступае хаця б за ўсебаковае абмеркаваньне пабудовы атамнай станцыі? Напрыклад, згадаць пра лёс антыядзернага руху ў Беларусі. Чаму ён заглух – цікавая тэма, на маю думку”.

Уліцёнак: “Даша, вы казалі, што некалі мелі адносіны да яго?”

Ліс
: “Так, адказвала за маніторынг СМІ. Але мы згубілі кантакты і неяк усё сышло ў пясок. А чаму? Вось дзе зноў жа цікавінка!”

Уліцёнак: “Але я трошкі іншае меў на ўвазе: тое, што праз праект можна больш уведаць пра людзей як вядомых, так і ня дужа”.

Фядута: “Я ўважліва чытаю сайт “Свабоды” і маю прэтэнзіі: матэрыялы найбольш цікавых перадач выстаўляюцца занадта позна, калі ўжо людзі паслухалі і абмеркавалі іх. А нешта наагул не зьяўляецца. Нават сэрыйныя праграмы, якія выходзяць рэгулярна. Гэта вельмі дрэнна для прафэсійнай структуры. Сайт мусіць абнаўляцца.

А са спадарыняй Ліс згодны, што жыцьцё цікавейшае за адну толькі палітыку. Хоць у свабодаўцаў, на мой погляд, самае любімае слова – “рэпрэсіі”. Між тым хацелася б даведацца, якую музыку людзі слухаюць, што чытаюць, дзе вучацца іхныя дзеці... Бо кожны нармальны чалавек калісьці павінен стаміцца ад палітыкі. Аднак журналісты “Свабоды”, здаецца, ад яе не стамляюцца ніколі – чым больш палітыкі, тым ім цікавей. На мой погляд, вы сярод іншага і таму яшчэ траціце сваіх слухачоў”.

Уліцёнак: “А чаго бракуе свабодаўскаму праекту, у якім бралі ўдзел непасрэдна вы абое?”

Ліс: “Настойваю на больш шчыльным супрацоўніцтве грамадзкага рэдактара з журналістамі радыё”.

Фядута
: “Жыцьцё наша не абмяжоўваецца стасункамі са “Свабодай”. Нельга грамадзкаму рэдактару бясконца званіць па розных пытаньнях, але некалькі разоў на тыдзень не пашкодзіла б. Я маю на ўвазе – па-за напрацаваным сцэнаром: дадаткова да ранішніх інтэрвію, падсумаваньняў у выніковай пятнічнай перадачы. І яшчэ адна рэч. Да замоўленай грамадзкім рэдактарам тэмы варта зьвяртацца і аўтарам іншых сталых рубрык радыё. Гэта стасуецца дастаткова гарманічна, і тады ствараецца ўражаньне тэматычнага тыдня”.

Ліс: “Сапраўды, было б цікава, каб грамадзкі рэдактар меў магчымасьць дадаткова выказвацца па іншых пытаньнях, а замоўленая ім тэма атрымала б працяг у паралельных перадачах”.

Уліцёнак: “Новы год сустракаем з новым сайтам “Свабоды”. Як ён вам?”

Ліс: “У цэлым цікава. Стыльна”.

Фядута
: “Ну, ён стаў троху больш функцыянальны, што вельмі добра. Але ўсё роўна недастаткова поўна адлюстроўвае тое, што робіцца ў эфіры”.

Уліцёнак: “Пры канцы – навагоднія, калядныя пажаданьні грамадзкіх рэдактараў нашым слухачам і чытачам...”

Ліс: “Моцнага здароўя і моцы духу. Добрых вясёлых сьвятаў. Прыемных сюрпрызаў. Харошых пераменаў”.

Фядута
: “Пажадаў бы ўсім забыцца ў навагоднюю ноч пра існаваньне прэзыдэнта і апазыцыі. Бацькі, сябры, каханыя – вось галоўныя для вас людзі на сьвеце. І калі нешта вельмі важнае не пасьпееце сказаць ім у гэтую ноч, то, мажліва, ніколі не пасьпееце сказаць – а важна прадэманстраваць, як насамрэч мы іх любім. Пачуцьці любові, павагі да людзей, сярод якіх мы жывём, гэта галоўнае. І калі здолеем тое выказаць і даказаць, то сьвята сапраўды будзе сьвятам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG