Судзьдзя Ленінскага суду Магілёва Валянціна Лапаціна не задаволіла скаргі прафсаюзных актывістаў Юрыя Новікава й Сяргея Фаміна на дзеяньні. Актывісты вінавацілі кіраўніка справаў гарвыканкаму Ігара Аўсеенку ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў ды парушэньні Закону “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.
24 жніўня чыноўнік забараніў праводзіць пікет за вызваленьне Аляксандра Казуліна. Сваё рашэньне Ігар Аўсеенка матываваў тым, што акцыі пратэсту супраць утрыманьня грамадзянаў пад вартай — спосаб ціску на судовыя органы ўлады.
Праз суд актывісты намагаліся скасаваць пастанову Магілёўскага гарвыканкаму і абавязаць чыноўнікаў разгледзець заяўку на пікетаваньне зноў, узгадніўшы зь імі дату, калі яго праводзіць.
Сёньня кіраўнік справаў гарвыканкаму ў суд не прыйшоў. Ягоныя інтарэсы прадстаўляла супрацоўніца прававога аддзелу гарвыканкаму Лілія Дзенісевіч. Скаргі актывістаў спадарыня Дзенісевіч не прызнала. Сваю пазыцыю яна падмацавала тым, што заяўнікі пікету парушылі месячны тэрмін абскарджаньня пастановы гарвыканкаму ў судзе.
Вырак Ленінскага суду Сяргей Фамін і Юры Новікаў будуць абскарджваць у Магілёўскім абласным судзе.