“Наша Ніва” ў 1907 годзе піша на тэму злачыннасьці: “Дык заместа зацемняць справу непраўдай, трэба лепш ваеваць з праўдзівымі прычынамі вялікаго нешчасьця, трэба ваеваць проці адвечных ворагаў народа: цемнаты, голаду, пьянства. Там, куды дойдзе сьвет праўдзівай навукі, гдзе кожны пачуе ў сабе чалавека, — там менш будзе бяды, гора і праступленьнёў, менш будзе і тых нешчасных, што цяпер ў цемноці сваей блукаюцца, збіваюцца з простай дарогі і гінуць з вялікай ганьбай”.
“Оршанский вестник” у 1917 годзе друкуе допіс камэнданта Воршы Канавальчука: “Аб’яўляю для ведама грамадзян горада Ворша і ягоных ваколіцаў, што наперад усе рэцэпты, выдадзеныя лекарамі грамадзянам на права атрыманьня каньяку і вінаграднага віна, а таксама ўсіх сьпірытусавых напояў мною, камэндантам гораду, засьведчвацца ня будуць, бо такія сьведчацца толькі ваенна-рэвалюцыйным камітэтам гораду Ворша”.
“Бальшавік Палесся” ў 1937 годзе знаёміць з Пастановай ЦВК і СНК СССР у сувязі са сканчэньнем будаўніцтва другога пуці чыгункі Карымская-Хабараўск: “Датэрмінова вызваліць за ўдарную работу на будаўніцтве другіх шляхоў 10 тысяч зняволеных... Прапанаваць Наркамунудзелу СССР пры вызваленні зняволеных за ўдарную работу на будаўніцтве другіх шляхоў Карымская-Хабараўск выдаваць ім, акрамя спецыяльнага пасведчання, якое сведчыць аб іх рабоце на другіх шляхах, таксама праязныя білеты і грашовыя ўзнагароды ў размеры ад 100 да 500 рублёў”.