Як зьмянілася стаўленьне беларусаў да кнігі сёньня?
Папулярныя пісьменьнікі, якія “наша ўсё”
Калісьці перад крамай “Падпісныя выданьні” ў Менску на Ленінскім праспэкце стаялі чэргі – каб набыць ці падпісацца на кнігазбор самых разнастайных выданьняў. Чаргу займалі нават уначы. Сёньня словазлучэньне “Падпісныя выданьні” – ня болей за назву шараговай кніжнай крамы на сёньняшнім праспэкце Незалежнасьці. Адна з гандлярак на маё пытаньне, ці папулярная сёньня беларуская літаратура ў пакупнікоў, зазначыла, што цікавасьць да беларускай літаратуры – на хвалі ўздыму. І параіла за больш падрабязнымі тлумачэньнямі зьвярнуцца да тавараведа Ігара Лавінскага.
Карэспандэнтка: “У букіністычным аддзеле прадаюцца беларускія кнігі?”
Лавінскі: “Натуральна. Уладзімер Караткевіч – з рукамі адрываюць проста, калі зьяўляецца яго збор твораў... Яшчэ папулярныя творы, якія выдалі аднойчы ў 1970-х і потым не перавыдавалі. Прыкладам, прынесьлі да нас неяк збор твораў Янкі Маўра – ён выдаваўся толькі раз. Збор пастаяў вельмі нядоўга, яго набылі – і больш не зьяўляўся. Хто карыстаецца папулярнасьцю? Караткевіч, Быкаў, Колас... Пісьменьнікі, якія... наша ўсё”.
З 11 569 найменьняў кніжнай прадукцыі – 827 па-беларуску
Таваравед “Падпісных выданьняў” зазначыў, што нязьменнай папулярнасьцю карыстаюцца кнігі сэрыі “Беларускі кнігазбор” і “Бібліятэка школьніка”.
Паводле Міністэрства інфармацыі, летась у Беларусі выдалі 11 569 найменьняў кніжнай прадукцыі агульным накладам 52 мільёны экзэмпляраў. Зь іх беларускамоўных – 827 найменьняў накладам 4, 56 мільёнаў экзэмпляраў. Параўнальна з 2005 годам, гэта меней на 16,6% па назвах, але болей на 57% па накладзе.
У пакупнікоў, якія аказаліся адначасна са мной у “Падпісных выданьнях”, пытаюся, што цікавіць найперш. Малады мужчына адказаў, што заходзіць у гэтую краму часьцяком.
“Пэрыядычна правяраю, якія новыя кнігі зьяўляюцца. У прыватнасьці, “Беларускі кнігазбор”. Я проста сачу за гэтым выданьнем і прыходжу сюды, набываю новыя кнігі”.
А другая мая суразмоўца прыйшла з канкрэтнай мэтай:
“Заходзіла неяк, бачыла кнігу, якую выдаў беларускі мастак Смаляк. А вось яна – бачу... Цікаўлюся ягонай творчасьцю...”
Чаго бракуе беларускай кнізе?
На думку жанчыны, беларускім літаратарам і літаратуры ў цэлым бракуе рэклямы:
“Прыходзіць просты пакупнік у краму, ён бы можа і хацеў набыць нешта беларускае, пазнаёміцца, але кніг так шмат – цяжка разабрацца. Вось у Расеі колькі ўсяго выдаць – лухты, праўда, шмат пішуць, але ж іх ведаюць, яны папулярныя. Мне здаецца, трэба папросту больш прапагандаваць нашых беларускіх пісьменьнікаў. Я вось чытаю выбаркі Глобуса... Няблага піша”.
Адам Глобус: “У кніжках не працуе ні PR, ні рэкляма. Зусім”
Я запыталася Адама Глобуса, ці ёсьць эфэктыўная рэкляма адным з чыньнікаў яго папулярнасьці:
Глобус: “У кніжках не працуе ні PR, ні рэкляма. Зусім. Ты можаш абклеіць кнігарню тварам нейкага пісьменьніка Пацёмкіна. І ўсе будуць ведаць плякат з выявай Пацёмкіна. Але ня будуць чытаць пісьменьніка Пацёмкіна. Бо ў кніжках працуе толькі адна сыстэма. Нехта прачытаў і распавёў сябру – ведаеш, чытаў – дык добрая кніжка”.
Ты можаш абклеіць кнігарню тварам нейкага пісьменьніка Пацёмкіна. І ўсе будуць ведаць плякат з выявай Пацёмкіна. Але ня будуць чытаць пісьменьніка Пацёмкіна.
На думку Адама Глобуса, які мае досьвед пасьпяховай выдавецкай дзейнасьці, само стаўленьне ў грамадзтве да кнігі моцна зьмянілася.
Глобус: “Таму што ніхто зараз кніжку, не чытаючы, не купіць. Усе стаяць у кнігарнях, разглядаюць, прымерваюцца да кошту. Толькі сабе набываюць кніжку...”
Карэспандэнтка: “У тым сэнсе, што не ў падарунак”?
“Так. У падарунак кніжкі амаль не набываюць. Менавіта для сябе. І цяпер, на сёньняшні дзень, кніга – гэта форма раскошы”.
Сямён Букчын: “Я даўно ужо не набываю кніжак...”
Вядомы беларускі літаратар і заўзяты кніжнік Сямён Букчын схільны расцэньваць перамены ў стаўленьні да кніг у маштабе грамадзкай зьявы.
Букчын: “І Беларусь, і былая савецкая тэрыторыя перасталі быць літаратурацэнтрычнай краінай. Гэта раней там паўсюль – у чэргах, у транспарце, у курылках размаўлялі на тэму: “А ты чытаў у “Дружбе народов”, “Полымі”, “Немане”? Пераказвалі адзін аднаму... Гэты час сышоў у нябыт. Зьмяніліся інтарэсы, зьмяніліся пры-я-ры-тэ-ты. Чытаньне ўвогуле адышло далёка, далёка, далёка...”
Спадар Букчын кажа, што калісьці быў заўзятым кніжнікам. Яго асабістая бібліятэка налічвае каля 6 тысячаў выданьняў.
“Але я даўно ўжо не набываю кніжак. Я ўжо аддаю – у дзіцячыя бібліятэкі, прыкладам... Але не купляю новых... Не з-за таго, што я нейкі там зьбяднелы. З розных прычын. І з-за таго, што месца для іх няма – хаця, канешне, гэта – адгаворка. Ну, не выходзіць нечага такога, каб сапраўды...”
Культура кнігі – частка сямейнага выхаваньня
А вось лідэр гурту “Жыгімонт Ваза” Сяргей Скрыпнічэнка лічыць, што асабіста для яго хатняя бібліятэка – гэта выхаваная сям’ёй традыцыя.
Скрыпнічэнка: “Культура кнігі, калі яна існуе ў сям’і, дык яна там і захоўваецца незалежна ад таго, мода ці ня мода. У нас у сям’і кніга заўсёды была прадметам шанаваным, бібліятэка заўсёды была... І калі я разьяжджаўся з бацькамі, я частку іх бібліятэкі забраў з сабой, – што мне было цікава на той момант – і тады ж пачаў зьбіраць уласны кнігазбор. Цяпер з задавальненьнем перачытваю Мележа, Караткевіча... Калі выходзіць чарговае выданьне “Беларускага кнігазбору”, то набываю і чытаю”.