Судзьдзя Ленінскага суду Юлія Шумская палічыла віну актывіста даказанай — ён нібыта абражаў міліцыянтаў нецэнзурнай лаянкай. Для гэтага судзьдзі хапіла сьведчаньняў міліцыянтаў Германа і Лапшынскага. Абодва сьцьвярджалі, што Мікалай Сяргеенка абражаў іх ужо ў міліцэйскім аўтамабілі. “Там нікога іншага не было, таму яны і кажуць што заўгодна. Ніхто ж гэтую хлусьню ня можа абвергнуць”,– пракамэнтаваў Мікалай словы міліцыянтаў.
Нагадаю, 6 сьнежня міліцыянты ўварваліся ў офіс Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Там ішла падрыхтоўка да мітынгу прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы, заплянаванага на 10 сьнежня. Усіх, хто знаходзіўся ў офісе, павезьлі дзеля высьвятленьня асобаў у Ленінскі райаддзел міліцыі. Мікалай Сяргеенка паказваў міліцыянтам свой пашпарт, але і яго забралі. У райаддзеле склалі пратакол, паводле якога Мікалай нібыта “нецэнзурна выказваўся”.
Там заўсёды хочацца чыстай вады, бо з крану ідзе вада з хлёркай...
“Там заўсёды хочацца чыстай вады, бо з крану ідзе вада з хлёркай. Я ня першы раз там буду, таму ведаю, што браць”.
У 2006 годзе Мікалай Сяргеенка адбываў арышт за ўдзел у пікеце ў абарону Аляксандра Казуліна.
6 сьнежня разам з Мікалаем Сяргеенкам у прафсаюзным офісе быў затрыманы адзін зь лідэраў прадпрымальнікаў Аляксандар Макаеў. На Макаева таксама склалі пратакол нібыта за “нецэнзурную лаянку”. Разбор гэтай справы будзе весьці тая ж судзьдзя Юлія Шумская.
“Не выключаю, што гэта адбудзецца ў другой палове дня 17 сьнежня”, — мяркуе адвакат Аляксандар Галіеў.
З 10 сьнежня Аляксандар Макаеў ужо адбывае 7 сутак арышту за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў. На волю прадпрымальнік мае выйсьці каля 16 гадзіны.