Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выбарчых камісіях 125 БРСМаўцаў, 69 вэтэранаў і 47 камуністаў


Радыё Свабода У Беларусі створаны ўсе 165 тэрытарыяльных камісій па выбарах прэзыдэнта Беларусі. Паводле дадзеных Цэнтравыбаркаму, у склад камісій не патрапілі прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі.

Паводле Цэнтравыбаркаму, усяго ад палітычных партый у склад камісій уключана 56 чалавек. Самае вялікае прадстаўніцтва мае Камуністычная партыя Беларусі. У яе 47 прадстаўнікоў у камісіях. На другім месцы апынулася Лібэральна-дэмакратычная партыя пад кіраўніцтвам Сяргея Гайдукевіча. У яе 5 прадстаўнікоў. Яшчэ меншая колькасьць ад сацыяльна-спартыўнай, аграрнай і партыі працы і справядлівасьці.

Сярод грамадзкіх арганізацый па колькасьці прадстаўнікоў у камісіях лідзіруе Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларуская, якая мае агулам 147 чалавек і БРСМ, ад якога ўключана 125 прадстаўнікоў. Беларускае грамадзкае аб’яднаньне вэтэранаў мае 69, а Саюз жанчын 36 чалавек.

Такім чынам, масава прайшлі ў камісіі тыя структуры, якія раней заяўлялі аб падтрымцы на выбарах Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле актывіста БСДП (Грамада) Мечыслава Грыба, для Беларусі гэта справа ня новая. Гэта было і на мінулых выбарах.

(Грыб: ) “Ёсьць палітычныя партыі, якія падтрымліваюць сёньняшнюю палітыку ўладаў і ёсьць якія не падтрымліваюць. Вось яны з тых, якія падтрымліваюць, і ўключаюць гэтых людзей у склад камісій. Але гэтыя людзі, вядома, будуць выконваць усё тое, што ім парэкамэндуюць ці што ім скажуць прадстаўнікі выканаўчай улады. Фактычна, як быццам яны ёсьць прадстаўнікі палітычных партый і грамадзкіх аб’яднаньняў, але на самой справе гэта нічога не вызначае. Вот вам і ўся дэмакратыя”.

Ніводзін сябра Грамады ў склад камісій таксама не патрапіў. Амаль 10% складу камісій ёсьць супрацоўнікі мясцовых органаў улады, служачыя дзяржаўных органаў амаль 23%, працаўнікі сфэры адукацыі каля 12%.

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік задаволены вынікамі фармаваньня выбарчых камісій:

(Лазавік: ) “Ніякія партыйныя, палітычныя ці іншыя вузкасацыяльныя ўстаноўкі ці палітычныя патрабаваньні ня могуць быць кіраўніцтвам у дзейнасьці выбарчых камісій. Арыенцір, на які мы арыентуемся і арыентуем усе камісіі, гэта заканадаўства і толькі”.

Гл. таксама • С.Калякін: Улада рыхтуецца да шырокамаштабнага фальшаваньня
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG