Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Куды накіруюць, там і буду працаваць”


Іна Студзінская, Менск Агляд недзяржаўнай прэсы 27 сьнежня

“Народная Воля” пад рубрыкай “Закулісьсе” распавядае, як адпраўлены ў адстаўку міністар культуры Леанід Гуляка пракамэнтаваў свой сыход з пасады: “Куды накіруюць, там і буду працаваць”. Журналістка Марына Коктыш выказвае меркаваньне: ня выключана, што ў кампэтэнцыі новага міністра культуры Ўладзімера Мацьвейчука апынуцца яшчэ і пытаньні інфармацыі. Так што бліжэйшым часам можа зьявіцца яшчэ адзін беспрацоўны – цяперашні міністар інфармацыі Русакевіч.

“Вось гэта размах!” У Вярхоўны Суд Беларусі накіраваная самая буйная за ўсю гісторыю краіны па колькасьці абвінавачаных крымінальная справа пра незаконныя махінацыі з сямю тысячамі тон сьпірту. Па справе праходзяць 50 чалавек, падазраваныя атрымалі незаконны прыбытак ў памеры каля 8 мільярдаў беларускіх рублёў. У “Народнай Волі” яшчэ некалькі крымінальных гісторый: расьсьледаваньне “Пад ружжом” – пра скандал, зьвязаны з вялікай партыяй зброі, знойдзенай год таму пад Менскам. І “Справа з ядравым пахам”.

Крычаўскі "Вольны горад" уздымае тэму прыпісак. У Магілёўскай вобласьці завяршылася комплексная праверка Камітэту дзяржкантролю. Карэспандэнт "Вольнага гораду" Юрась Налівайка падрыхтаваў артыкул "Камітэт дзяржкантролю: прыпіскі набываюць сыстэмны характар і пагражальныя маштабы". Распавядае рэдактар "Вольнага гораду" Сяржук Няроўны:

(Няроўны: ) "Гэта тычыцца амаль што ўсяго: прыпісак зернебабовых культур, і сена, і сенажу, сіласу, і ўсяго астатняга. Карацей кажучы, прыпіскі маюць пагражальны маштаб. Прапаноўваецца губэрнатару зьвярнуць на гэта ўвагу і нейкія высновы зрабіць".

Апошні ў гэтым годзе нумар тыднёвіку "БДГ. Деловая газета" падводзіць вынікі 2005-га – прапануе свой “гіт-парад падзеяў”. “На старт выйшла васьмёрка” прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкі пост. “Сумаваць нам не давядзецца” – прагназуе карэспандэнт “БДГ” Аляксандар Дауцін. Афіцыйныя чыноўнікі і СМІ ў прайшоўшым годзе ацэньвалі грамадзка-палітычную сытуацыю адназначна: маўляў, унутры краіны жыць становіцца ўсё лепш і лепш, а за яе межамі ўсё горш і горш. На беларусах было апрабавана некалькі дзесяткаў дробных і буйных сацыяльных праграм, і ніводная незалежна ад вынікаў не была прызнаная правальнай. Народжаныя ў нетрах міністэрстваў рэвалюцыйныя праекты працягваюць жыць насуперак меркаваньняў народу і нават здароваму сэнсу, піша “БДГ.Деловая газета”.

“Витебский курьер” паведамляе, што на аўкцыён выстаўлены недабудаваны прытулак для бяздомных жывёлаў. Гэты даўгабуд пачаў узводзіцца ў 2001 годзе за кошт падатку з уладальнікаў сабак (у залежнасьці ад памераў жывёлы ён складае ад 6 да 20% мінімалкі). На будаўніцтва прытулку ішлі і сродкі з абласнога і гарадзкога фондаў аховы прыроды. Віцьбічы ашаломленыя такім навагоднім падарункам ўладаў, піша ““Витебский курьер”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG