Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 сьнежня – дзень народзінаў Станіслава Шушкевіча


Радыё "Свабода"

15 сьнежня 1946 году ў Менску пачаўся суд над ваеннымі злачынцамі, афіцэрамі нямецкае арміі. Паводле прысуду праз паўтара месяца 14 генэралаў і афіцэраў будуць пакараныя сьмерцю. Публічнае пакараньне адбудзецца на беразе Сьвіслачы ў раёне вуліцы Лодачнай.

15 сьнежня 1985 году ў Беларусі нарадзіўся 10-мільённы жыхар.

15 сьнежня 1995 году агульная эўрапейская валюта атрымала сваё сучаснае найменьне – эўра.

15 сьнежня ў розныя гады нарадзіліся рымскі імпэратар Нэрон; францускі інжынэр і стваральнік аднайменнай парыскай вежы Аляксандар Эйфэль; наш зямляк Людвік Зэмэнгоф, які стварыў мову эспэранта; беларускі літаратуразнаўца Сьцяпан Александровіч, зь якога пачалася так званая філялягічная школа ў літаратуры, і першы кіраўнік незалежнай Рэспублікі Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Прафэсар Шушкевіч нарадзіўся ў Менску ў 1934 годзе.

15 сьнежня 1884 году ў Магільне колішняга Ігуменскага павету Менскай губэрні прыйшоў на сьвет Яўген Зак – адзін з найбольш прызнаных эўрапейскіх мастакоў 20-га стагодзьдзя.

А 15 сьнежня 1937 году нарадзіўся Герман Кірылаў, беларускі пісьменьнік і зьбіральнік фактаў гісторыі паваеннага беларускага маладзёвага супраціву. За кнігу “Гарт” – пра ўдзельнікаў гэтага супраціву – у 1997 годзе Герман Кірылаў быў узнагароджаны прэміяй імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН-цэнтру.

15 сьнежня 1993 году пакінуў гэты сьвет Уладзімер Калесьнік, адзін з найбольш паважаных беларускіх літаратараў. Амаль усё жыцьцё Калесьнік пражыў у Берасьці, першы ў паваеннай Беларусі дасьледаваў творчасьць заходнебеларускіх паэтаў і пісьменьнікаў Жылкі, Танка, Таўлая. Разам з Алесем Адамовічам і Янкам Брылём Калесьнік стварыў дакумэнтальную кнігу “Я з вогненнай вёскі...”

15 сьнежня 1991 году выйшла ў этэр першая перадача Польскага Радыё на беларускай мове. З таго часу беларускае Радыё Палёнія штодня слухаюць шмат людзей ня толькі ў Польшчы, але і ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG