Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах прыбралі амаль усе сьляды вандалаў (фотарэпартаж)


Ганна Соусь, Менск

Менскі райаддзел міліцыі расьсьледуе апошнія факты вандалізму ва ўрочышчы Курапаты. Тым часам на памятных курапацкіх знаках ужо амаль не засталося сьлядоў фашыстоўскай свастыкі і сатанінскіх знакаў — гэта вынік працы актывістаў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Сёньня ва ўрочышчы разам з кіраўніцай курапацкага мэмарыялу Маяй Кляшторнай пабывала нашая карэспандэнтка.

Сьлядоў апаганьваньня ў курапацкім мэмарыяле ўжо амаль не засталося. Толькі ў падземным пераходзе пад кальцавой дарогай яшчэ ня змытыя фашыстоўскія свастыкі і надпісы.

З капліцы-абраза “Маці Божай Курапацкай усіх нявінна расстраляных” сьцёртыя ўсе надпісы, засталося толькі адрэстаўраваць саму рэпрадукцыю абраза, арыгінал якога захоўваецца ў менскім касьцёле сьвятых Сымона і Алены.

На здымку: На лаве Клінтана больш няма чырвонай фарбы.


Зноў набыў першапачатковы выгляд і галоўны крыж “Пакутнікам Беларусі”. На мэмарыяльным знаку “Народу Беларусі ад народу ЗША дзеля памяці” чырвонай фарбы ўжо таксама не засталося. Яе змылі ў суботу актывісты КХП БНФ. Крыху відаць яшчэ сьляды надпісаў на закладным курапацкім камяні, а таксама на зваротным баку мэмарыяльнага знаку, усталяванага ў памяць расстраляных у Курапатах юдэяў і мусульманаў.

На здымку: Гэтак выглядае цяпер помнік расстраляным юдэям і мусульманам.


Аднак, як паведаміў “Свабодзе” намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі, яны будуць прыбраныя падчас наступнай талакі.

Навуковая кіраўніца курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная вельмі ўдзячная людзям, якія ачысьцілі Курапаты ад сьлядоў вандалаў.

На здымку: Мая Кляшторная ля капліцы-абраза “Маці Божай Курапацкай усіх нявінна расстраляных”


(Кляшторная: ) “Справа, якая, падавалася, непасільная — садраць з каменя гэтыя фарбы фашыстоўскіх знакаў, людзі зрабілі як сьлед. Не пакінулі ні на крыжах, ні на камянях гэтых знакаў. Я вельмі ўдзячная, што ёсьць такія беларусы, якім неабыякавае гэтае месца. Ніводная ўстанова ў Беларусі, на якую ўскладзеная місія даглядаць гэтае месца, гэтага ня робіць, і ня справілася б з гэтым”.

Мая Кляшторная зьвяртае ўвагу на тое, што на ўсталяваньне абраза-капліцы “Маці Божай Курапацкай усіх нявінна расстраляных” у 2002 годзе быў атрыманы афіцыйны дазвол тады яшчэ Дэпартамэнту аховы гістарычна-культурнай спадчыны Міністэрства культуры. Такім чынам, паводле навуковай кіраўніцы курапацкага мэмарыялу, дзяржава павінна ахоўваць абраз як саму тэрыторыю Курапатаў, якая зьяўляецца гістарычна-культурнай каштоўнасьцю першай катэгорыі.

У Курапатах я засьпела сёньня пэнсіянэра спадара Васіля:

(Васіль: ) “У мяне, можа, бацька тут ляжыць. Я часта прыходжу. Страшна глядзець. Няўжо мы апусьціліся да таго, каб так адбывалася з гэтымі могілкамі?”

Па вяртаньні з Курапатаў я зьвязалася са сьледчым Менскага райаддзелу міліцыі Ўладзімерам Хвашчом і пацікавілася, як вядзецца расьсьледаваньне актаў вандалізму ва ўрочышчы. Спадар Уладзімер паведаміў, што пакуль вядуцца сьледчыя дзеяньні, а больш падрабязную інфармацыю па выніках сьледзтва ён прадаставіць грамадзкасьці пазьней. Як стала вядома Радыё Свабода, ужо былі апытаныя сьведкі ў гэтай справе — гісторык Ігар Кузьняцоў, старшыня Зьвязу габрэйскіх аб’яднаньняў і суполак Леанід Левін ды іншыя. Гэтаксама супрацоўнікі міліцыі зрабілі запыт ва ўпраўленьне аховы гістарычна-культурнай спадчыны, каб вызначыць статус памятных знакаў у Курапатах.

Нагадаем, што 6 сьнежня была заведзеная крымінальная справа па факце апаганьваньня курапацкіх знакаў. Гэта артыкул 341 Крымінальнага кодэксу — апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці, які прадугледжвае пакараньне грамадзкімі працамі альбо штрафам ці арыштам да трох месяцаў.

Фота М.Капрана
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG