Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі на “Валадарцы” замест баланды будуць наліваць піва?


Ігар Карней, Менск Размовы пра неабходнасьць вываду за межы Менску так званых пэнэтэнцыярных установаў вядуцца даўно. Прапануецца і рэальная альтэрнатыва вызваленым турэмным будынкам – стварэньне там музэяў, гатэляў, забаўляльных цэнтраў. Найперш гаворка ідзе пра помнік архітэктуры – Пішчалаўскі замак, дзе цяпер месьціцца сьледчы ізалятар, вядомы менчукам як “Валадарка”. Ці магчыма рэалізаваць такую ідэю?

Упершыню пра магчымае перапрафіліраваньне “Валадаркі” загаварылі роўна 30 год таму. Гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі расказвае: у пачатку 1970-х, на хвалі моды на стварэньне пешаходных вуліцаў у буйных гарадох, у гэты шэраг ледзьве не трапіў і Менск. Тэрыторыяй без аўтамабільнага руху мела стаць якраз прылеглая да замка-ізалятара частка вуліцы Валадарскага.

(Харэўскі: ) “У пачатку 1970-х у савецкай горадабудаўнічай практыцы ўзьнікла ідэя, якая ішла ад літоўцаў і грузінаў, – стварэньне так званых пешаходных зонаў у гістарычных цэнтрах гарадоў. Эталёнам былі вуліцы Віленская і Лайсвес-алея ў Коўне. Пасьля быў прыклад рэнавацыі Старога Тбілісі. Ухапіўшыся за гэта, стварылі Арбат у Маскве. Ну і, натуральна, таварышы ў Менску таксама былі пад уражаньнем гэтых ідэй. І вось у 1973 годзе распрацавалі праект пераўтварэньня часткі вуліцы Валадарскага ў пешаходную зону, якая мусіла скончыцца ля Пішчалаўскага замку. Тут, у сваю чаргу, меўся быць разьмешчаны Музэй рэвалюцыі”.

Пішчалаўскі замак мае непасрэднае дачыненьне да нацыянальна-вызвольнага і рэвалюцыйнага руху ў Беларусі.

У ім чакалі вырашэньня свайго лёсу ня толькі “крымінальнікі”, але і беларускія палітзьняволеныя. У прыватнасьці, менавіта ў гэтай вязьніцы ўтрымліваліся ўдзельнікі паўстаньняў 1831 і 1863 гадоў. На турэмнай браме за замах на генэрал-губэрнатара Паўла Курлова быў павешаны Іван Пуліхаў. За свае перакананьні тут сядзелі клясыкі беларускай літаратуры Якуб Колас, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Алесь Гарун, Карусь Каганец…

Гісторыя замка адметная, але мала вядомая нават карэнным менчукам. Будынак крэпасьці быў узьведзены ў 1825 годзе паводле праекту архітэктара Рудольфа Пішчалы, адкуль і ўзьнікла нефармальная назва – Пішчалаўскі замак.

Спачатку тут кватараваў менскі ваенны гарнізон. На тэрыторыі крэпасьці была царква, аптэка і арсэнал на выпадак нападу на губэрнскі цэнтар. Натуральна – камэндатура і гаўптвахта для парушальнікаў вайсковай дысцыпліны. Аднак на працяглы тэрмін утрыманьня арыштаваных замак не разьлічваўся. Але пры канцы ХІХ стагодзьдзя яго пераўтварылі ў турму. Найперш для палітзьняволеных.

Навукоўцы падтрымліваюць вяртаньне помніка архітэктуры і гісторыі шырокай публіцы, хай нават і ў якасьці забаўляльнага цэнтру. Этнакультуроляг Тацяна Валодзіна знаходзіць абгрунтаваньне гэтай ідэі ў народным сьветаглядзе.

(Валодзіна: ) “Давайце паспрабуем паглядзець на гэтае пытаньне з пункту сьветапоглядных, архаічных схемаў і стэрэатыпаў. І тады мы ўбачым, што турма ці астрог і рэстарацыя, ці, больш традыцыйна – карчма, акажуцца аднесеныя да зьяваў абсалютна аднаго парадку. Бо і адно, і другое адносяцца да так званых прасторавых маргіналіяў. Гэта месцы не жылыя, не асьвечаныя прысутнасьцю Бога і абразоў, і самі іх насельнікі, альбо наведнікі ўжо нават не зусім людзі, паколькі яны выходзяць за межы сацыяльнай нормы – што злачынец, што чалавек на падпітку. Таму ў дадзеным выпадку можна канстатаваць ня нейкую “рэвалюцыю”, а ўсяго толькі зьмену шыльдаў, зьмену дэкарацыяў”.

Гісторык і рэстаўратар Алег Трусаў перакананы: турме ня месца ў цэнтры гораду. І прапануе зрабіць тут ня столькі забаўляльны, колькі культурны цэнтар, асноўнае месца ў якім заняла б музэйная экспазыцыя, прысьвечаная, перадусім, выбітным арыштантам.

(Трусаў: ) “Па-першае, навошта ў цэнтры Менску трымаць турму? Па-другое, замак – гэта помнік архітэктуры, і першым яго здымак надрукаваў Зянон Пазьняк у сваёй кнізе “Рэха даўняга часу”. Там ёсьць такія месцы, дзе можна будзе павесіць мэмарыяльныя дошкі з указаньнем, што тут сядзеў Якуб Колас. Так што гэта думка добрая, і турму з цэнтра гораду трэба выкідаць як мага хутчэй. Гэта нонсэнс, каб такая турма была ў цэнтра сталіцы. І каб яе потым ня бралі, як Бастылію, і не разбуралі, лепш зрабіць гатэль з элемэнтамі музэю. Таму што там можна і паўстанцаў 1863 году ўзгадаць, якіх там трымалі. Іншымі словамі, павінен быць нейкі музэйны комплекс”.

Прызначэньне Валадаркі як астрогу для палітычных вязьняў захоўваецца аж да сёньня. Цягам апошняга дзесяцігодзьдзя на яе нары былі кінутыя былыя прэм’ер-міністар Міхаіл Чыгір і міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў, бізнэсовец і парлямэнтар Андрэй Клімаў, надзвычайны і паўнамоцны пасол Міхаіл Марыніч, актывісты Беларускага народнага фронту Юры Хадыка і Вячаслаў Сіўчык, адзін з лідэраў сацыял-дэмакратычнага руху Мікола Статкевіч.

Спазналі “спартанскі камфорт” Пішчалаўскага замку і тыя, хто зусім нядаўна служыў уладзе, якая іх у гэтую турму і перадала. Адсюль пайшоў “па этапе” экс-старшыня Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў, былыя кіраўнікі заводу “Атлант” – Леанід Калугін, Менскага трактарнага заводу – Міхаіл Лявонаў, Беларускай чыгункі – Юрый Рахманько. Пра нечалавечыя ўмовы ўтрыманьня на Валадарцы даўно ходзяць легенды. Больш за дзьве тысячы зьняволеных сьпяць па чарзе; летам у камэрах душна, восеньню – вільготна, зімой – холадна.

Ад канца 1990-х Валадарка ў эпіцэнтры скандалу. Былы начальнік ізалятару Алег Алкаеў, які некалькі гадоў таму эміграваў у Нямеччыну, наўпрост даваў зразумець: у сьценах старадаўняга замку адбываюцца крымінальныя рэчы. Гаворка пра так званы расстрэльны пісталет, зь якога маглі быць забітыя скрадзеныя лідэры беларускай апазыцыі. Што да пэрспэктываў выкарыстаньня Пішчалаўскага замку як забаўляльнага цэнтру, дык спадар Алкаеў іх ня бачыць. Іншая справа – музэй.

(Алкаеў: ) “Дый з усяго можна зрабіць нешта… Чаму не? І як аб’ект пазнавальнага пляну ён, канечне, будзе ўяўляць цікавасьць. Але як гатэль? З цяжкасьцю сабе гэта ўяўляю. Ну, уявіце сабе пакой, дзе адзін унітаз на 20 чалавек. Можа некалькі гадзінаў экстрэмалы якіясьці там і правядуць. Але, па вялікаму рахунку, трэба быць мазахістам, каб за гэта яшчэ грошы плаціць. Тады такіх людзей трэба да псыхіятра весьці. Але як аб’ект турыстычны ён, натуральна, будзе цікавы. І яго ня трэба моцна ўпрыгожваць ды перарабляць: хіба толькі крыху паднавіць, падбяліць. Таму што ён пры ўсіх уладах служыў – як у 1825 годзе здалі ў эксплюятацыю, ён ад таго моманту ніводнага разу не адпачываў. І каб нейкі якасны рамонт зрабіць, яго трэба мінімум на месяц вызваліць. А гэтага ніколі не рабілі, ні пры адной уладзе, нават падчас вайны ён працаваў”.

Якім бачаць лёс “валадаркі” жыхары Менску, якія кожны дзень ходзяць на працу побач са сьледчым ізалятарам і мала задумваюцца над тым, што робіцца за мураванымі сьценамі?

(Спадарыня: ) “Я лічу, што гэта ўвогуле абсурд – побач Рускі драматычны тэатр, Вышэйшы гаспадарчы суд, чатырохзоркавы гатэль “Мінск”. Ну, ніяк не ўпісваецца ў гэтае суседзтва турма…”.

(Спадар: ) “Зачыняць трэба “валадарку”, адназначна. У цэнтры гораду ёй ня месца. А вось ці трэба тут рабіць гатэль – нават ня ведаю. Прынамсі, я не ўяўляю, якім чынам камэры СІЗО можна прыстасаваць пад жылыя нумары”.

(Юнак: ) “Ня думаю, што гарадзкія ўлады пагодзяцца, каб тут “прапісалася” казіно ці нейкі забаўляльны цэнтар. Занадта ў нас кансэрватыўнае начальства, каб дазволіць такія “вольнасьці”.

(Дзяўчына: ) “Думаю, што “Валадарку” можна было б пераўтварыць у цэнтар экстрэмальнага турызму. Няхай людзі (калі будуць такія ахвотныя), пасядзяць у камэрах – можа зразумеюць, што ў рэальнасьці лепей туды не трапляць. Дый у бюджэт грошы таксама пойдуць ад аматараў такога экстрыму”.

У сьвеце нямала прэцэдэнтаў перапрафіляваньня падобных аб’ектаў. Адна з самых вядомых мясьцінаў – былая турма Алькатрац на высьпе побач з Сан-Францыска. Апошнія тры дзесяткі гадоў гэты цэнтар прыносіць немалыя прыбыткі – турысты плацяць вялікія грошы за магчымасьць апрануць турэмную робу і абуць кайданы.

У расейскім Пецярбурзе яшчэ за савецкім часам можна было выпіць гарэлкі і патанчыць у рэстарацыі “Аўстэрыя”, абсталяванай у былых камэрах Петрапаўлаўскай крэпасьці. У сумна вядомай катаваньнямі палітзьняволеных турме Штольбэрг на тэрыторыі былой ГДР зараз водзяць ня толькі экскурсыі, але і прапануюць на адну ноч пераўвасобіцца ў іншадумца таталітарных часоў. Швэдзкая турма Лангхольм у цэнтры Стакгольму пераабсталяваная ў гатэль, куды, дарэчы, патрапіць ня так і лёгка: суткі пражываньня там каштуюць 150 даляраў. Аналягічны інтэр’ерны “экстрым” прапануе былая папраўчая ўстанова ў ангельскім Брыкстане. А вось у Лацінскай Амэрыцы выцягваньне грошай з кліентаў набыло зусім нечаканыя формы: гаспадары былой турмы Пэкіла ў Мэхіка стварылі для турыстаў рэжым сапраўднай “зоны” – з баландой і накіраваньнем на “прымусовыя працы”. Паступова выходзіць за межы Беларусі і сумная слава “валадаркі”. Расейскі выканаўца шансону ці, як яшчэ гавораць, “блатных песень”, Віктар Каліна нават прысьвяціў ёй адну са сваіх кампазыцый.

У найноўшай гісторыі Беларусі ўжо ёсьць досьвед закрыцьця турмаў, якія месьціліся ў гарадзкіх цэнтрах. У Воршы, дзе самая вялікая колькасьць турэмных месцаў на душу насельніцтва, на мяжы 1980-х і 90-х гадоў зачынілі турму для асабліва небясьпечных злачынцаў. Яна знаходзілася на беразе ракі Аршыцы літаральна ў двух кроках ад парку адпачынку з атракцыёнамі. У пачатку 1990-х будынак аддалі пад офісы аршанскім прадпрымальнікам. У адным зь іх давялося папрацаваць і мне. У былой турме, за тоўстымі сьценамі з калючым дротам, з назіральнымі вышкамі па пэрымэтры і вокнамі-кратамі знаходзілася рэдакцыя адной з першых у Беларусі недзяржаўных моладзевых газэтаў “Лідэр”. У камэрах, дзе колісь сядзелі “зэкі”, журналісты пісалі матэрыялы на злабадзённыя тэмы, у тым ліку і пра сьвет крыміналу. А ў канцы ХХ стагодзьдзя на турму пачалася бульдозэрная атака. Ад былога “монстра”, побач зь якім баяліся хадзіць людзі, застаўся толькі фрагмэнт аднаго будынку, у якім прапісалася экалягічная служба гораду. Размоваў пра пераабсталяваньне турмы ў гатэль ці забаўляльны цэнтар не было нават на гіпатэтычным узроўні – у Воршы яшчэ дзьве падобныя ўстановы, якія не надаюць станоўчых эмоцый аршанцам ды гасьцям гораду...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG