Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ТВ-Центр” і “Центр-ТВ”: які зь іх бярэ ўдзел у тэндэры Эўракамісіі?


Ігар Карней, Менск 8 сьнежня Эўракамісія спыніла прыём пашыраных праектаў на ўдзел у тэндэры, вынікам якога стане тэлевізійнае вяшчаньне на Беларусь. Як паведамлялася раней, 22 лістапада было абвешчана пра завяршэньне першага этапу конкурсу, паводле якога былі вылучаныя чатыры найбольш рэальныя прэтэндэнты на далейшы адбор. Сярод іх фігураваў і расейскі канал “Центр-ТВ”, які ішоў у зьвязцы зь нямецкай фірмай “Media Consulta”. Аднак падабенства назваў з тэлеканалам маскоўскага ўраду — “ТВ-Центр” (ТВЦ) — ужо спрычыніліся да блытаніны. Кіраўніцтва “ТВЦ” заявіла, што ня толькі ня брала ўдзелу ў тэндэры, але нават не выказвала падобнага жаданьня.

Вяшчаньне на Беларусь мяркуецца пачаць ужо ў студзені 2006 году. На гэтыя мэты Эўракамісія абяцае выдаткаваць 2 мільёны эўра. Аднак за месяц да акрэсьленай даты пераможца тэндэру на права вяшчаньня так і не названы. Нагадаю, што ў “шорт-лісьце” Эўракамісіі былі агучаныя наступныя, папярэдне адабраныя кандыдаты: літоўскі “Цэнтр пераходнай дэмакратыі” з 5-м каналам украінскай кампаніі “NBM”, літоўскім каналам “Penktas kanalas” і беларускім Фондам падтрымкі інавацыйных дасьледаваньняў, якім кіруе былы дэпутат Уладзімер Навасяд; Польскае тэлебачаньне ў кансорцыюме з “Радыё Беласток”; рыскае радыё “SWH” з латвійскім цэнтрам “Sabiedrisko”, а таксама сумесны праект расейскага тэлеканалу “Центр-ТВ” і прыватнай нямецкай кансалтынгавай фірмы “Media Consulta”.

Аднак напярэдадні генэральны дырэктар маскоўскага каналу Алег Папцоў абвергнуў факт удзелу “ТВЦ” у конкурсе Эўракамісіі, назваўшы цьверджаньне “абсурдным”. Сёньня гэта пацьвердзілі ў аддзеле грамадзкіх сувязяў “ТВ-Центр”.

(Прадстаўніца “ТВЦ”: ) “Ды не, вы ведаеце, мы ня бралі ўдзелу ў тэндэры. Гэта памылка, мы ў конкурсе ня ўдзельнчалі, гэта абсалютна дакладна”.

(Карэспандэнт: ) “Можа, у Расеі ёсьць які іншы “ТВ-Центр”, ці наўрад ці?”

(Прадстаўніца “ТВЦ”: ) “Не-не. Гэта абсалютна дакладна, таму што якраз учора мы давалі абвяржэньне з гэтай нагоды. Таму гэта памылка тых, хто пра гэта абвясьціў. Мы адназначна ня бралі ўдзелу ў тэндэры і нават не выказвалі намеру ў ім удзельнічаць”.

У офісе “ТВЦ” не выключаюць, што фармальна можа існаваць і іншы суб’ект тэлегаспадаркі з падобнай шыльдай, але пра “Центр-ТВ” у кампаніі Папцова нічога ня ведаюць. Праўда, у Інтэрнэце на запыт “Центр-ТВ” пошукавая сыстэма ўпарта адсылае на “ТВ-Центр”. Варта нагадаць: летам кіраўнік “ТВЦ” Алег Папцоў асабіста прыяжджаў у Менск, каб у рамках свайго дакумэнтальнага нарысу запісаць інтэрвію з Лукашэнкам. Адразу ж пасьля гэтага было падпісанае пагадненьне аб стварэньні каналу “ТВЦ-Бел”, які наўпрост акрэсьліваў сваёй мэтай падтрымку палітычных высілкаў беларускіх уладаў.

У Зігмара Ліепіньша, прэзыдэнта рыскага Радыё SWH, якое выйшла ў другі этап конкурсу Эўракамісіі, я пацікавіўся, як будуць разгортвацца падзеі вакол тэндэру бліжэйшым часам.

(Ліепіньш: ) “Да 9 сьнежня мы мусілі даслаць прапановы наступнага этапу, да 15 сьнежня павінен адбыцца дыялёг з камісіяй, а да 21-га ўжо будуць абвешчаныя вынікі. Тэмп проста жахлівы. Калі былі атрыманыя вынікі першай часткі, фармальна перапынак мусіў складаць 90 дзён. А тут нават і 30 няма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG