Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У прадпрымальніка-апазыцыянэра адабралі памяшканьне


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня гаспадарчы суд Менскай вобласьці адхіліў скаргу актывіста дэмакратычнага руху й прадпрымальніка з Клецку Сяргея Панамарова на рашэньне мясцовых уладаў канфіскаваць у яго вытворчае памяшканьне.

На судовым паседжаньні Сяргей Панамароў паведаміў, што ў Клецку ў яго быў дрэваапрацоўчы цэх, дзе ён вырабляў розныя драўляныя рэчы, у прыватнасьці вокны й дзьверы, якія заказвалі майстру мясцовыя жыхары.

Гэты цэх прадпрымальнік абсталяваў у памяшканьні, якое тры гады таму выдзелілі яму клецкія ўлады. Спадар Панамароў выплаціў грошы за памяшканьне, але аформіць яго ва ўласнасьць чыноўнікі тады не дазволілі. А цяпер яны, як прагучала на судзе, вырашылі й наагул адабраць яго і разваліць бізнэс.

Як заявіў актывіст дэмакратычнага руху, падставай таму стала яго палітычная дзейнасьць:

(Панамароў: ) “Я сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, я даю артыкулы ў газэты, распаўсюджваю бюлетэнь “Партнэрства”, абнародваю ўсе хібы нашага раёну пра нячыстыя справы кіраўніцтва раёна. Разношу газэты, часопісы. Мяне абшукваюць, калі я ўваходжу ў райвыканкам. Прыяжджае КДБ, апытвае людзей”.

Спадар Панамароў заявіў на судзе, што мясцовыя улады хочуць, каб яго сям’я зьехала з Клецкага раёну. Бо, паводле прадпрымальніка, апроч яго, палітычнай дзейнасьцю займаецца і яго жонка Сьвятлана Панамарова, якая летась балятавалася ў парлямэнт як прадстаўніца апазыцыі.

Гэтую заяву, аднак, абверг кіраўнік клецкай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Навіцкі, які прадстаўляў на судовым паседжаньні раённыя ўлады. Паводле яго, ініцыятыва ўладаў выклікана не іх перасьледам за апазыцыйную дзейнасьць, а намерам навесьці парадак зь нерухомасьцю, якую спадар Панамароў нібыта выкарыстоўвае незаконна:

(Навіцкі: ) “Трэба дзейнічаць у рамках закону. Ёсьць памяшканьне ў мяне на балянсе ў ЖКГ. Дамова продажу яго не заключана. Ніякіх законных падставаў для знаходжаньня Панамарова ў гэтым памяшканьні няма”.

Гаспадарчы суд Менскай вобласьці стаў на бок клецкіх ўладаў. Скарга прадпрымальніка была адхіленая. Спадар Панамароў так пракамэнтаваў рашэньне суду:

(Панамароў: ) “Я чакаў такога рашэньня, таму што ведаю сытуацыю ў нашай краіне. Але я на гэтым не спынюся. І калі нават адбяруць у мяне цэх, адбяруць усё, я буду змагацца і надалей”.

Заявіў Сяргей Панамароў, прадпрымальнік і актывіст дэмакратычнага руху з Клецку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG