Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Пытаньне Беларусі стала адным з цэнтральных у палітыцы Эўразьвязу"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава “Ня ведаю, ці ёсьць яшчэ якая-небудзь краіна, якой Эўрапейскі парлямэнт займаўся б часьцей, чым Беларусьсю”, – заявіў Радыё Свабода віцэ-сьпікер Эўрапейскага парлямэнту Януш Анышкевіч. Зь ім і былым міністрам замежных справаў Польшчы, таксама дэпутатам Эўрапарлямэнту Браіславам Гэрэмкам, размаўляў наш варшаўскі карэспандэнт.

Паводле Януша Анышкевіча, у найбліжэйшым часе Эўрапейскі парлямэнт, які нядаўна прыняў даволі радыкальную рэзалюцыю ў справе Беларусі, наўрад ці будзе ізноў разглядаць беларускае пытаньне.

(Анышкевіч: ) “Цягам апошняга году Эўрапейскі парлямэнт ўхваліў у справе Беларусі ўжо пяць рэзалюцыяў. Ня ведаю, ці ёсьць у сьвеце яшчэ якая-небудзь краіна, якой Эўрапарлямэнт займаўся б часьцей, чым Беларусьсю. Але і я асабіста і іншыя дэпутаты, мы будзем дамагацца, каб рэакцыя іншых органаў Эўразьвязу, такіх як Эўрапейская камісія ці Рада Эўразьвязу на гэтыя ўхвалы, была зразумелай і адпавядала пажаданьням, якія ўтрымліваюцца ў рэзалюцыях Эўрапейскага парлямэнту, асабліва што тычыцца апошняй рэзалюцыі”.

Паводле спадара Анышкевіча, у Эўрапейскім парлямэнце атрымалася шмат зрабіць у справе Беларусі.

(Анышкевіч: ) “Да Беларусі дагэтуль ставіліся як да справы, ужо прайгранай, якой няма сэнсу займацца. У гэтым парлямэнце, у значнай ступені дзякуючы прысутнасьці польскіх дэпутатаў, гэта ўдалося зьмяніць – пытаньне сытуацыі ў Беларусі стала адным з цэнтральных пытаньняў замежнай палітыкі Эўразьвязу. Іншыя органы Эўразьвязу сталі больш актыўнымі, у тым ліку гэта тычыцца намераў выдзеліць значна большыя сродкі на падтрымку пабудовы грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі”.

Ці будзе Эўрапейскі парлямэнт накіроўваць сваіх назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі?

(Анышкевіч: ) “Канечне, галоўнай праблемай будзе тое, ці спадар Лукашэнка пагодзіцца на прысутнасьць дэпутатаў Эўрапарлямэнту ў Беларусі ў часе выбараў. Калі так, дык парлямэнт накіруе назіральнікаў. Але нават калі ў Беларусь паедуць некалькі дзесяткаў дэпутатаў, яны ня змогуць пракантраляваць усё, таму больш істотным, як мне падаецца, ёсьць тое, каб Эўразьвяз выдзеліў дастаткова сродкаў на прыезд у Беларусь вялікай колькасьці падрыхтаваных назіральнікаў. Гэта важна, і Эўразьвяз тут можа адыграць значную ролю”.

Між тым, на пытаньне ці ў такой сытуацыі, якая склалася ў двухбаковых дачыненьнях паміж Польшчай і Беларусьсю, Варшава павінна накіроўваць у Менск амбасадара, ці пачакаць, былы міністар замежных справаў Польшчы, дэпутат Эўрапарлямэнту Браніслаў Герэмак заявіў:

(Герэмак: ) “Былы міністар замежных справаў Польчшы быў перакананы, што лепш мець у Менску амбасадара, які б на ўласныя вочы бачыў усё, што там адбываецца. Калі так будзе меркаваць і цяперашні міністар, дык я хацеў бы, каб прысутнасьць пасла Польшчы ў Беларусі дапамагала папулярызацыі ў гэтай краіне міжнародных стандартаў дэмакратыі і функцыянаваньня грамадзянскай супольнасьці. І тут вельмі важна, каб Польшча не заставалася самотнай і дзейнічала салідарна зь іншымі краінамі Эўразьвязу”, – сказаў беларускай “Свабодзе” Браніслаў Герэмэк.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG