Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАТО прыме ў Капэнгагене рэзалюцыю па Беларусі


Алена Струвэ, Менск Пытаньне дачыненьняў зь Беларусьсю будзе разглядацца гэтымі днямі ў Капэнгагене ўдзельнікамі Парлямэнцкай Асамблеі НАТО. Нарада распачалася сёньня. На працягу чатырох дзён яе ўдзельнікі — 300 дэлегатаў ад 26 краінаў-сябраў Паўночна-Атлянтычнага блёку — будуць абмяркоўваць будучыню гэтай арганізацыі. Праект рэзалюцыі па Беларусі прадставіць дэлегацыя нямецкага Бундэстагу на чале з сацыял-дэмакратам Маркусам Мэкелем.

Аўтары праекту рэзалюцыі па Беларусі надзвычай заклапочаныя цяперашняй сытуацыяй у гэтай краіне, дзе пануе аўтарытарны рэжым і адсутнічаюць дэмакратычныя свабоды. У дакумэнце згадваюцца факты апошніх рэпрэсіяў беларускага рэжыму супраць беларускіх апазыцыянэраў, няўрадавых арганізацыяў і незалежных СМІ. Як вынікае з дакумэнту, цяперашняе разьвіцьцё падзеяў у Беларусі сьведчыць пра мэтанакіраваную палітыку беларускіх уладаў з тым, каб не дапусьціць разьвіцьця свабоднага і дэмакратычнага грамадзтва ў краіне.

Аўтары праекту заклікаюць кіраўніцтва краінаў-сябраў НАТО “прыкласьці намаганьні, каб скаардынаваць дзеяньні Эўразьвязу і ЗША дзеля эфэктыўнай падтрымкі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, дамагчыся падтрымкі з боку расейскага кіраўніцтва, каб афіцыйны Менск праводзіў сваю палітыку ў адпаведнасьці са стандартамі АБСЭ, давесьці да беларускага кіраўніцтва, што далейшае разьвіцьцё дачыненьняў паміж сябрамі НАТО і Беларусьсю будзе залежаць ад гатовасьці афіцыйнага Менску паважаць дэмакратычныя каштоўнасьці і прававыя нормы”.

Паводле кіраўніка нямецкай дэлегацыі ў Капэнгагене, нямецкага сацыял-дэмакрата Маркуса Мэкеля, зыходзячы з таго, што колішнія надзеі Захаду на перамены ў краінах былога камуністычнага блёку пацярпелі фіяска, неабходныя іншыя падыходы да дыктатураў, у тым ліку і да беларускай.

(Мэкель: ) “Размова ідзе пра тое, каб дэмакратычныя сілы ў Беларусі мелі падтрымку з боку сябраў Эўразьвязу і НАТО. Ва ўмовах беларускага рэжыму, дзе прэзыдэнт Лукашэнка шляхам маніпуляванага рэфэрэндуму стварыў сабе ўсе шанцы для пажыцьцёвага кіраваньня, існуе шэраг апазыцыйных партыяў і незалежных няўрадавых арганізацыяў, і нашая задача — падтрымаць і ўмацаваць гэтыя сілы. Мы выступаем за правядзеньне перамоваў з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Другі пункт — узмацненьне інфармацыйнай працы. Калі людзі ня маюць доступу да незалежных інфармацыйных крыніцаў, кансультацыйная дапамога немагчымая”.

Паводле нямецкага палітыка, для сябраў НАТО вельмі важна, каб апошні аўтарытарны рэжым у Эўропе зьвярнуўся да дэмакратычных каштоўнасьцяў і свабодаў.

Тым часам кіраўнік фонду эфэктыўнай палітыкі Глеб Паўлоўскі зрабіў заяву, што Масква заклапочаная тым, што НАТО і ЗША засяроджаныя на праблеме Беларусі, якая зьяўляецца вайскова-палітычным саюзьнікам Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG