Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы беларускі муфтый ня бачыць праблемаў у адносінах з уладамі


Валер Каліноўскі, Менск Мусульманскае рэлігійнае аб’яднаньне Беларусі абрала новага муфтыя. Ім стаў былы настаўнік і дырэктар менскай школы Абу-Бэкір Шабановіч. Спадар Шабановіч заявіў пра спрыяльнае стаўленьне беларускіх уладаў да мусульманскай канфэсіі і выказаў упэўненасьць, што ў Беларусі ў ісламскім асяродку немагчымае зьяўленьне вахабіцкіх ці іншых радыкальных настрояў.

Абу-Бэкір Шабановіч быў абраны муфтыем на 6-м пазачарговым зьезьдзе Мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня Беларусі, які прайшоў з ініцыятывы Камітэту ў справе рэлігіяў і нацыянальнасьцяў у памяшканьні гэтага камітэту і за дзяржаўны кошт. Камітэт у справе рэлігіяў перад зьездам правёў праверку дзейнасьці мусульманскіх абшчынаў, пасьля чаго былы муфтый Ісмаіл Александровіч папрасіўся ў адстаўку з прычыны свайго ўзросту.

Новы муфтый Абу-Бэкір Шабановіч спадзяецца на больш шчыльнае супрацоўніцтва з прадстаўнікамі цэнтральных і мясцовых уладаў, а таксама з пасольствамі мусульманскіх краінаў у Менску. У Мусульманскае рэлігійнае аб’яднаньне Беларусі ўваходзіць дваццаць грамадаў, аднак толькі сем зь іх маюць свае мячэты. На сёньня застаецца замарожанай пачатая ў 2003 годзе адбудова менскага мячэту, разбуранага савецкімі ўладамі. Спонсарам адбудовы будынку зьяўляецца фонд “Ліга арабскага сьвету” з Саудаўскай Арабіі.

(Шабановіч: ) “Усе цяжкасьці з прычыны фінансаваньня. У мінулым годзе пяць месяцаў не было сродкаў ад Лігі ісламскага сьвету, а затым гэта падоўжылася яшчэ на шэсьць месяцаў, і такім чынам гэта прадоўжылася адзінаццаць месяцаў. Мы зьбіралі людзей і працавалі на грамадзкіх асновах, але гэтага мала”.

Абу-Бэкір Шабановіч разьлічвае таксама на падтрымку ісламскіх фондаў з Татарстану, Лібіі, Турэччыны. Стаўленьне беларускіх уладаў да мусульманскай грамады ён назваў выключна спрыяльным:

(Шабановіч: ) “Іслам у нашай краіне атрымаў вельмі добрую базу для разьвіцьця, мы адчуваем сталую падтрымку і ўвагу з боку дзяржаўных структураў літаральна па ўсёй вэртыкалі ўлады”.

Ацэньваючы апошнія супярэчлівыя падзеі ў сьвеце, якія маюць пэўную рэлігійную афарбоўку, спадар Шабановіч назваў Беларусь “этнаканфэсійным запаведнікам”, дзе пануе талерантнасьць. Ён падтрымаў стварэньне дзяржаўнай праграмы рэлігіязнаўчай адукацыі на ўсіх узроўнях, паколькі лічыць рэлігію “ядром культуры”. Паводле новага беларускага муфтыя, у Беларусі немагчымае ўзьнікненьне нейкіх радыкальных настрояў у мусульманскім асяродку, паколькі беларускія мусульмане застаюцца прыхільнікамі традыцыйнага ісламу:

(Шабановіч: ) “Гэта традыцыйны, можна сказаць, татарскі, а можна сказаць мяккі варыянт ісламу. Таму тут вахабізму, нейкаму радыкалізму месца няма і ня будзе”.

На думку спадара Шабановіча, экстрэмальныя зьявы ў Расеі і Эўропе, тэрарыстычныя напады і падпалы, іншыя дзеяньні экстрэмістаў нічога агульнага з сапраўдным ісламам ня маюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG