"Таміфлю" (Tamiflu) гэта на сёньняшні дзень найбольш эфэктыўны лек супраць птушынага грыпу. У сувязі з пагрозай пандэміі шэраг краінаў спрабуюць набыць як мага большую колькасьць гэтага прэпарату. Вытворца – швайцарская фармацэўтычная кампанія "Рошэ" ("Roche") не пасьпявае з выкананьнем замоваў, але пры гэтым яна ня хоча адмовіцца ад патэнту на гэты лек.
Прынамсі частковай разьвязкай праблемы можа быць прапанова апублікаваная ў апошнім нумары навуковага часопісу “Nature”. Экспэрты прапануюць падаваць “Таміфлю” разам з добра вядомым прэпаратам "Прабэнэцыдам" (Probenecid), які запавольвае выдаленьне леку праз ныркі. З такой ідэяй выступіў дырэктар Адвэнтысцкага мэдычнага цэнтру ў Портландзе, з штату Арэгон Джоў Гоўтан. "Прабэнэцыд" удвая павялічвае ўзровень "Таміфлю" ў крыві і час яго захоўваньня ў арганізьме. У выніку ўдвая меншая доза гарантуе такі самы тэрапэўтычны эфэкт, як і звычайная доза.
Тэхніка затрымліваньня ў арганізьме дарагіх лекаў была распрацаваная ў часе Другой усясьветнай вайны, каб зэканоміць дарагі ў той час антыбіётык – пэніцылін. У наш час "Прабэнэцыд" вельмі часта падаецца разам зь іншымі антыбіётыкамі, а таксама ўжываецца пры лячэньні сыфілісу і ганарэі. Паводле публікацыі ў часопісе "Nature", лекары з задавальненьнем адрэагавалі на новую прапанову. Аднак некаторыя спэцыялісты мяркуюць, што нават калі "Прабэнэцыд" будзе вельмі карысны, ён усё роўна разьвяжа праблемы вялізнага попыту на "Таміфлю".
Найбуйнейшым вытворцам "Таміфлю" зьяўляецца швайцарская кампанія "Рошэ", аднак яна ўсьведамляе, што сама не справіцца з вялізным попытам. Каля 40 краінаў сьвету вядуць перамовы з "Рошэ" аб набыцьці леку. Сама Францыя хацела б мець да канца бягучага году 14 мільёнаў упаковак вакцыны. Дваццаць мільёнаў дозаў леку замовілі Злучаныя Штаты. У вялікай колькасьці прэпарату зацікаўлены Кітай, які хоча атрымаць ад "Рошэ" дазвол на выраб леку ў сябе на месцы.
Улады Тайваню прыгразілі, што незалежна ад выніку перамоваў з "Рошэ", краіна пачне вырабляць сваю вэрсію “Таміфлю”. Аналягічнае рашэньне прыняла індыйская фармацэўтычная кампанія "Cipla". Тым часам амэрыканская кампанія "GlaxoSmithKline" паведаміла, што яна гатовая бясплатна падзяліцца ліцэнзіяй на вытворчасьць леку пад назвай "Relenza", які, паводле меркаваньняў экспэртаў, таксама даволі будзе эфэктыўным ў выпадку птушынага грыпу.
Пад ціскам з боку шэрагу ўрадаў швайцарскі канцэрн ужо быў вымушаны даручыць вытворчасьць “Таміфлю” іншым кампаніям. У хуткім часе лек супраць птушынага грыпу будуць вырабляць агулам 12 фармацэўтычных кампаніяў па ўсім сьвеце. Палова зь іх непасрэдна належыць "Рошэ" альбо вырабляе лекі ў рамках ліцэнзіі ад "Рошэ". Вільям Бэрнс, які адказвае з вытворчасьць паведаміў, што сёлета будзе выраблена ўдвая болей леку супраць птушынага грыпу чым летась, а з 2007 год вытворчасьць павялічыцца ў 10 разоў, да 300 мільёнаў.
Аднак швайцарскі канцэрн не хавае, што ён не зацікаўлены ў тым, каб “Таміфлю” вырабляў хто заўгодна. Кіраўніцтва канцэрну кажа, што справа ня толькі ў прыбытках, хаця "Рошэ" зарабляе на “Таміфлю” каля аднаго мільярда даляраў ў год. “Мы гатовыя даручыць вытворчасьць іншым кампаніям, але тэхналягічны працэс павінен адбывацца пад нашым наглядам”, заяўляе кіраўніцтва "Рошэ" і падкрэсьлівае, што працэс вырабу прэпарату надзвычай складаны. "Кожны можа вырабіць лек падобны на наш, але ён ня будзе такі эфэктыўны. Ужываньне падробак магло б хутка прывесьці да мутацыі вірусу, і субстанцыі зьмешчаныя ў “Таміфлю” перастануць дзейнічаць", перасьцерагае кампанія "Рошэ".
Швайцарская кампанія прыняла рашэньне аб спыненьні свабоднага продажу “Таміфлю”. Паводле "Рошэ", людзі выкупляюць прэпарат і самі яго прымаюць мяркуючы, што засьцерагуцца ад хваробы. Калі аднак віруса яшчэ няма ў арганізьме, адзіным вынікам такой прафіляктыкі можа быць тое, што ў арганізьме зьявіцца імунітэт супраць леку, і ён перастане дзейнічаць. "Рошэ" баіцца, што леку можа не хапіць, калі ў Эўропе пачнецца сэзон звычайнага грыпу. Лек будзе прадавацца выключна пры наяўнасьці рэцэпта ад доктара. Канцэрн заклікае мэдыкаў, каб яны прапісвалі яго абачліва, толькі ў выпадку неабходнасьці, а не на ўсялякі выпадак.
Рызыкай птушынага грыпу ўстрывожаны літаральна ўвесь сьвет, хаця паводле галоўнага санітарнага лекара Беларусі Міхаіла Рымжы, беларускія ўлады не баяцца эпідэміі хваробы. Аднак Усясьветны банк папярэджвае, што пандэмія гэтай хваробы можа каштаваць 550 мільярдаў даляраў.
Чацьверты ачаг эпідэміі быў выяўлены ў Кітаі. Улады гэтай краіны паведамілі., што яны зьнішчылі 6 мільёнаў хатніх птушак і загадалі неадкладна закрыць 168 птушыных рынкаў. Першы выпадак птушынага грыпу быў выяўлены ў Японіі на фэрме недалёка ад Токіё. Вірус паходзіць з той самай групы H5, на які ў Азіі памерлі 63 чалавекі.
У панядзелак 7 лістапада ў Жэнэве пачалася трохдзённая канфэрэнцыя Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ), прысьвечаная птушынаму грыпу.