Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскае МЗС узначаліць амбасадар РП у Расеі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы прынёс прысягу новы ўрад – гэта кабінэт меншасьці, створаны партыяй “Закон і справядлівасьць” – пераможцай сёлетніх парлямэнцкіх выбараў. Міністрам замежных справаў даволі нечакана стаў Стэфан Мэлер – цяперашні амбасадар у Расеі.

Правацэнтрысцкія партыі, якія атрымалі ў верасьнёўскіх парлямэнцкіх выбарах найбольш галасоў – пераможца “Закон і справядлівасьць” і другое месца – “Грамадзянская плятформа”, не змаглі цягам двух тыдняў – а столькі часу на гэта дае Канстытуцыя, дамовіцца ў справе стварэньня кааліцыі, пра якую гаварылася яшчэ да выбараў.

Таму прадстаўнік “Закону і справядлівасьці” Казімеж Марцінкевіч, якому на жаданьне гэтай партыі прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі даручыў стварэньне ўраду, зрабіў гэта без удзелу меркаваных сяброў кааліцыі.

(Марцінкевіч: ) “Каб зрэфармаваць дзяржаву, вярнуць яе грамадзянам, трэба шмат працы і трэба пачаць зь сябе. Улада павінна быць сьціплай, служыць людзям. Толькі тады можна зьмяніць краіну ў лепшы бок. З божай дапамогай, мы зробім гэта”.

Прэм’ер Марцінкевіч спадзяецца на падтрымку ў Сэйме дэпутатаў фракцыяў папулісцкай партыі “Самаабарона” і кансэрватараў зь Лігі польскіх сем’яў – разам з галасамі дэпутатаў “Закону і справядлівасьці” ягоны ўрад будзе мець падтрымку парлямэнцкай большасьці. Адмыслоўцы, аднак, зьвяртаюць увагу на тое, што гэтая падтрымка можа быць нестабільнай, бо гэтыя тры партыі маюць занадта розныя погляды на шэраг галоўных праблемаў, зьвязаных, перадусім, з рэформай гаспадаркі.

Што да беларускага пытаньня, дык тут асаблівае значэньне мае пасада міністра замежных справаў. Ім стаў цяперашні амбасадар Польшчы ў Расеі, былы намесьнік кіраўніка МЗС прафэсар Стэфан Мэлер – прызначэньне даволі нечаканае для назіральнікаў.

Паводле былога намесьніка амбасадара Польшчы ў Беларусі Марака Буцькі, пакуль цяжка сказаць, як у сувязі з гэтым зьменіцца польская палітыка ў дачыненьні да Беларусі.

(Буцько: ) “Я ніколі раней ня чуў пра нейкую дзейнасьць спадара амбасадара Мэлера ў беларускіх справах. Трэба пачакаць. Канечне, веданьне сытуацыі на усходзе гэта плюс, але ён працаваў у Расеі, а Беларусь, гэта не Расея, таму трэба пачакаць на першыя крокі новага міністра”.

Цяпер цягам двух тыдняў ўрад павінен быць зацьверджаны парлямэнтам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG