НЬЮ-ДЭЛІ. Міністар па зьнешніх сувязях Індыі Натвар Сынгх адпрэчыў даклад аб злоўжываньнях у рамках праграмы ААН “Нафта за харчаваньне для Іраку”. Даклад, які выйшаў у чацьвер, зьвінаваціў каля 2 тыс. кампаніяў, а таксама некаторых палітыкаў, у незаконных угодах з рэжымам Хусэйна, насуперак санкцыям ААН. Разам яны заплацілі Садаму каля 1 млрд. 800 млн. даляраў. Міністар Сынгх і партыя Кангрэсу таксама названыя ў дакладзе ААН. Сынгх заявіў, што “глыбока ўзрушаны й шакаваны неабгрунтаванымі й неадпаведнымі” абвінавачаньнямі. Прадстаўнік партыі Кангрэсу Ананд Шарма сказаў, што ягоная партыя згаданая ў дакладзе “беспадстаўна й непраўдзіва” і гатовая адказаць на любыя абвінавачаньні.