НЬЮ-ЁРК. Рада Бясьпекі ААН прыняла рашэньне пра пачатак перамоваў аб статусе сэрбскага краю Косава, які з 1999 году знаходзіцца пад міжнародным пратэктаратам. Чакаецца, што перамовы пачнуцца напрыканцы году. Косаўскія альбанцы дамагаюцца поўнай незалежнасьці. Прэм''ер-міністар Косава Байрам Касумі заклікаў не аддаваць рашэньне лёсу Косава ў рукі Бялграду. Кіраўнік сэрбскага ўраду Воіслаў Каштуніца настойвае на захаваньні тэрытарыяльнай цэласьці Сэрбіі пры шырокай аўтаноміі для Косава.