Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: ці варта беларусам баяцца птушынага грыпу?


Браніслава Станкевіч, Віцебск Ці варта беларусам баяцца птушынага грыпу? Ці засьцерагаюцца ад яго жыхары Віцебску? Гэтыя пытаньні карэспандэнтка “Свабоды” задавала людзям на віцебскіх вуліцах.

(Карэспандэнтка: ) “З 10-га кастрычніка ў Беларусь забаронена ўвозіць прадукцыю птушкагадоўлі з Турэччыны, Ірану ды Румыніі, каб пазьбегчы пашырэньня інфэкцыі птушынага грыпу. Ці сапраўды, на вашую думку, беларусам варта сур’ёзна баяцца птушынага грыпу?”

(Спадарыня: ) “Я думаю, што ў нас у Беларусі такой праблемы, як птушыны грып, няма. Міністэрства аховы здароўя робіць усё магчымае, каб гэтая інфэкцыя не распаўсюджвалася ні сярод людзей, ні ў жывёлін”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, а вы асабіста якія-небудзь меры перасьцярогі прымаеце?”

(Спадарыня: ) “Вядома. Імкнуся адпаведна апрацоўваць прадукты харчаваньня і толькі потым ужываць іх у ежу”.

(Спадар: ) “Курынае мяса на сёньняшні дзень самае таннае. Таму людзі й купляюць курэй – бо нізкія цэны. Пагатоў у нас тут пад Віцебскам ёсьць дзьве ці тры птушкафабрыкі”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці засьцерагаецеся вы ад птушынага грыпу якім-небудзь чынам?”

(Спадар: ) “Я сказаў жонцы, каб курэй не купляла. Трэба пераходзіць на рыбу ці сьвініну”.

(Спадар: ) “А можа, трэба рабіць так, як сказаў некалі Аляксандар Рыгоравіч? Трошкі хлеба, трошкі малака, крышачку сьмятаны. А мяса ніякага есьці зусім ня трэба. Тым больш, што яно так дорага каштуе!”

(Карэспандэнтка: ) “Як вы лічыце, ці ёсьць у Беларусі небясьпека птушынага грыпу?”

(Хлопец: ) “Я ня ведаю, ці ёсьць такая небясьпека. Мяне на гэты момант хвалюе трэці тэрмін нашага прэзыдэнта: пойдзе ці не. Вось гэта мяне найбольш цікавіць, а не птушыны грып!”

(Дзяўчына: ) “Гэтак ты гаворыш, пакуль сам на яго не захварэў. А што, у Расеі грып ужо ёсьць. І мы ж тут побач знаходзімся!”

(Спадарыня: ) “Як мне здаецца, птушыны грып – гэта нешта прыдуманае знарок. Памятаеце, мы ўсе нядаўна абмяркоўвалі шаленства кароў. І дзе цяпер тое шаленства? А каровак парэзалі. Кажуць, нават той самы СНІД – гэта ня што іншае, як шыкоўная рэклямная ідэя буйных фармацэўтычных кампаніяў, якім усяго толькі патрэбныя рынкі збыту для сваіх дарагіх лекаў. Можа, і цяпер такі хітры ход для барацьбы з канкурэнтамі прыдумалі ў мясной вытворчасьці?”

(Карэспандэнтка: ) “Ці можа, на вашую думку, птушыны грып, пра які цяпер так шмат гавораць, прыйсьці ў Беларусь?”

(Спадар: ) “Ясна, можа. Птушкі ж лётаюць!”

(Карэспандэнтка: ) “А якія захады перасьцярогі вы робіце асабіста?”

(Спадар: ) Якая тут перасьцярога? Сродкаў жа ад гэтага яшчэ не прыдумалі. Ну, не разводжу курэй”.

(Дзяўчына: ) “Я не ўжываю курынага мяса. Вэгетарыянская ежа – самая карысная. Трэба есьці моркву, капусту, буракі. І найлепш нашай, беларускай вытворчасьці”.
XS
SM
MD
LG