Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хадаркоўскага адправілі ў Сыбір на ўранавы руднік


Сьвятлана Курс, Прага Асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня нафтавы магнат Міхаіл Хадаркоўскі адпраўлены ў далёкі сыбірскі лягер, былы ўранавы руднік. Адвакаты Хадаркоўскага й праваабаронцы вінавацяць улады ў спробе ізаляваць Хадаркоўскага і зламаць ягоную волю.

Кіраўнік сыбірскага дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, Аляксандар Пляшкоў, пацьвердзіў чуткі, што Хадаркоўскі прыбыў у лягер. Гэтая вестка скончыла зь няпэўнасьцю: больш за тыдзень таму Хадаркоўскага зьвезьлі з Маскоўскай турмы ў невядомым накірунку.

42-гадовы заснавальнік нафтавай імпэрыі “ЮКАС”, некалі самы багаты чалавек Расеі, наступныя 6 гадоў правядзе ў Чыцінскай вобласьці, ва Ўсходняй Сыбіры, ля кітайскае мяжы, за 5 тысяч кілямэтраў ад Масквы. Сваякі й адвакаты, каб адведаць Хадаркоўскага, мусяць праляцець шэсьць гадзінаў на самалёце.

Аляксандар Пляшкоў апісвае лягер, як “нармальны, без асабліва небясьпечных злачынцаў”. Але гэта не супакоіла адвакатаў Хадаркоўскага і правабароанцаў, якія падазраюць улады ў намеры як наймага шчыльней ізаляваць Хадаркоўскага і падарваць ягоную псыхалягічную раўнавагу.

У траўні Хадаркоўскага зьвінавацілі ў махлярстве й ухіленьні ад падаткаў, аднак шмат хто ў Расеі і за яе межамі ўважае, што ўлада кіравалася мэтаю зьнішчыць харызматычнага апазыцыянэра, які меў прэзыдэнцкія амбіцыі, а таксама аднавіць кантроль над стратэгічнымі нафтавымі рэсурсамі. Платон Лебядзеў, партнэр Хадаркоўскага, быў накіраваны ў лягер у Ямала-Ненецкі рэгіён, за Паўночным Палярным колам.

Леў Панамароў – кіраўнік усерасейскага Руху за правы чалавека, гаворыць, што ў выпадку Хадаркоўскага й Лебядзева парушаны закон аб тым, што зьняволены павінны адбываць пакараньне недалёка ад свайго месцажыхарства.

Ссылка, спалучаная з турмою – апошні крок Крамля з мэтаю пакараць іх за палітычныя амбіцыі.

(Панамароў: ) "Гэта помста з боку ўладаў, Крамля й асабіста Пуціна. Гэта парушэньне расейскага закону, бо радня іх ня можа наведваць. Нашай краінай кіруюць недалёкія і помсьлівыя людзі. Простая помста – вось адзіная прычына”.

Выпадак Хадаркоўскага прымусіў Захад задумацца аб сапраўдным стаўленьні Ўладзіміра Пуціна да дэмакратычных каштоўнасьцяў. Думка Льва Панамарова.

(Панамароў: ) "Я думаю, што заходнія лідэры абавязаныя рэагаваць на гэта. Я спадзяюся, што заходні сьвет адрэагуе і прымусіць нашых лідэраў выконваць іх міжнародныя абавязкі ў гэтым выпадку”.

Антон Дрэль, адзін з адвакатаў Хадаркоўскага, кажа, што той ужо кансультаваўся зь мясцовым адвакатам, а ягоныя маскоўскія абаронцы адведаюць яго на наступным тыдні. Лягер, дзе Хадаркоўскі будзе адбываць рэшту пакараньня (два гады ён адседзеў у Маскве да суду), заснаваны ў 1960-х, тутэйшыя вязьні будавалі вялікае ўранаперапрацоўчае прадпрыемства. Сёньня ў лягеры вырабляюць толькі тэкстыль, але рэгіён застаецца забруджаным радыяцыяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG