Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 кастрычніка 1939 году Савецкі Саюз перадае Вільню Літве


RFE/RL Каляндар Свабоды – 9 і 10 кастрычніка. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 9 і 10 кастрычніка.

Спачатку пра каляндар учорашняе нядзелі.

9 кастрычніка ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Іван Багаслоў. Як заўважае этнограф Уладзімер Васілевіч, “гэты дзень – мяжа ўсім шчыраваньням дбайнага земляроба, бо зямля атрымлівае за свае дары нябеснае блаславеньне да самае вясны”. Надбайных гаспадароў у гэты дзень прынята было дакараць наступным чынам: “Хто не дасее да Багаслова, той ня варты добрага слова”.

9 кастрычніка 1708 году адбылася бітва пад вёскай Лясной, гэта цяперашні Слаўгарадзкі раён. У 5-гадзінавым змаганьні сыйшліся 11 тысячаў расейцаў і 16 тысячаў швэдаў. У гонар той расейскай перамогі на месцы бітвы пастаўлены помнік і капліца.

Сярод вялікіх людзей сьвету, што нарадзіліся 9 кастрычніка ў розныя гады, згадаем сёньня Рабэра дэ Сарбона, францускага тэоляга і заснавальніка знакамітага Сарбонскага ўнівэрсытэту, гішпанскага пісьменьніка Мігеля дэ Сэрвантэса, які прыдумаў “Дон Кіхота”, францускага кампазытара Каміля Сэн-Санса і ангельскага музыку Джона Ленана, які быў стваральнікам гурта ўсіх часоў і народаў – The Beatles.

Цяпер пра сёньняшні каляндар.

10 кастрычніка ў Беларусі ўшановаўся Францішак. Апусьцелыя гэтым часам палі знайшлі наступнае адлюстраваньне ў народнай творчасьці: “На сьвятога Францішка шукае зярнят у полі мышка”.

10 кастрычніка 1938 году ў сталінскім ГУЛАГу загінуў Адам Бабарэка – найбольш прыкметны літаратурны крытык даваеннае пары і стваральнік пісьменьніцкіх суполак “Маладняк” і “Ўзвышша”.

10 кастрычніка 1939 году Савецкі Саюз перадае Вільню Літве. Перад гэтым меркавалася зрабіць Вільню сталіцай Заходняй Беларусі. Аднак сталася па-іншаму. Узамен за Вільню Літва дазволіла разьмясьціць на сваёй тэрыторыі савецкія вайсковыя базы, якія неўзабаве стануць пляцдармам далучэньня Літвы да СССР.

10 кастрычніка 1796 году нарадзіўся беларускі дасьледнік Міхал Без-Карніловіч. Найбольш вядомая ягоная праца – кніга “Гістарычныя зьвесткі пра знакамітыя месцы ў Беларусі“ – пабачыла сьвет у 1855 годзе, але ня страціла актуальнасьці і нядаўна была выдадзеная зноў.

А яшчэ 10 кастрычніка – дзень нараджэньня піянэра-героя Марата Казея і паэта Леаніда Дранько-Майсюка.

Зь вялікіх людзей сьвету, што нарадзіліся ў гэты дзень, згадаем італьянскага кампазытара Джузэпэ Вэрдзі і двух ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі – нарвэскага дасьледніка Фрыцьёфа Нансэна і сэрбскага пісьменьніка Іву Андрыча.
XS
SM
MD
LG