Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты Вольга Абрамава і Віктар Кучынскі рыхтуюць запыт да міністра інфармацыі наконт “Народнай Волі”.


Ганна Соусь, Менск Дэпутаты Вольга Абрамава і Віктар Кучынскі хочуць, каб міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч патлумачыў ім, чаму газэта “Народная Воля” ня можа цяпер друкавацца ў Беларусі і распаўсюджвацца праз газэтныя шапікі. Пакуль ніхто зь іншых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў не падтрымаў іх ініцыятывы. Гаворыць Вольга Абрамава:

(Абрамава: ) “З маёй ініцыятывы мы дамовіліся ўдвух з дэпутатам Кучынскім зрабіць гэты запыт. Мы хочам высьветліць, у чым справа, у чым сутнасьць прэтэнзіяў, што стаіць за тымі афіцыйнымі фармулёўкамі, якія былі выстаўленыя… Я заўсёды нэгатыўна стаўлюся да таго, калі спыняецца выхад газэтаў”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Віктар Кучынскі выказаў Радыё Свабода сваё шкадаваньне з нагоды таго, што апошнім часам адбылося з “Народнай Воляй”.

(Кучынскі: ) “Калі пытаньне аб сродках масавай інфармацыі, уключна з “Народнай Воляй” узьнікне ў Палаце прадстаўнікоў, то я буду падтрымліваць права беларускіх сродкаў масавай інфармацыі на працу ў рамках Канстытуцыі і дзейнага заканадаўства Беларусі”.

Тым часам многія чытачы “Народнай Волі” абураныя тым, што ня могуць набыць газэты праз шапікі “Белсаюздруку”. Гэтыя людзі зьвяртаюцца па тлумачэньні ў рэдакцыю газэты. Гаворыць шэф-рэдактар “Народнай Волі” Сьвятлана Калінкіна:

(Калінкіна: ) “Гэта вялікая колькасьць людзей, якія не падпісваліся на газэту, а куплялі яе ў шапіках. Многія зь іх нам цяпер нават расказваюць, чаму яны не падпісваліся. Адны баяліся рэпрэсіяў, у другіх проста не было грошай падпісацца адразу. Некаторыя забыліся пасьля лета гэта зрабіць. На жаль, прыйсьці да нас могуць далёка ня ўсе. Тэлефануюць з розных гарадоў. Многія скардзяцца, абураюцца, пытаюцца, што ім рабіць далей. Мы пакуль раім толькі адно — падпісвацца на пошце на лістапад”.

Я пацікавілася ў адным зь менскіх газэтных шапікаў, ці зьвяртаюцца людзі па “Народную Волю”:

(Прадавачка: ) “Запытваюцца”.

(Карэспандэнтка: ) “А што вы ім адказваеце?”

(Прадавачка: ) “Што няма”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці тлумачыце ім прычыны?”

(Прадавачка: ) “Я прычынаў ня ведаю”.

(Карэспандэнтка: ) “А што людзі кажуць?”

(Прадавачка: ) “Па-рознаму. Няма дык няма, разварочваюцца і адыходзяць”.

Я зьвярнулася да былога міністра інфармацыі, а цяпер кіраўніка “Белсаюздруку” Міхаіла Падгайнага з пытаньнем, ці паступалі да іх нараканьні ад чытачоў “Народнай Волі” на тое, што яны ня могуць набыць гэтай газэты ў шапіках.

(Падгайны: ) “На сёньняшні дзень ніводнага нараканьня не было. Спадзяюся, што цяпер з вашай дапамогай будуць такія нараканьні”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму з нашай дапамогай?”

(Падгайны: ) “Таму што пакуль ніхто ня піша. І калі пачаць хадзіць па вуліцах і казаць: “Напішыце, напішыце”, дык напішуць”.

На мінулым тыдні друкарня “Чырвоная зорка” і ўсе падразьдзяленьні “Белсаюздруку” у аднабаковым парадку скасавалі з 1 кастрычніка дамовы на друкаваньне і распаўсюд “Народнай Волі”.

3 кастрычніка незалежная газэта заключыла дамову з друкарняй у Смаленску, такім чынам тры апошнія нумары газэты былі надрукаваныя за мяжой. 16 тысяч асобнікаў атрымалі падпісчыкі праз сыстэму “Белпошты”. Астатнія 4 тысячы (а “Народная Воля” была вымушаная паменшыць наклад з 27 да 20 тысяч) распаўсюджваюцца бясплатна пры дапамозе палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, а таксама самімі супрацоўнікамі “Народнай Волі”. Атрымаць газэту таксама можна ў рэдакцыі “Народнай Волі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG