Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэстантаў зноў выклікаюць у суд


Любоў Лунёва, Менск У Маскоўскім судзе Менску другі раз запар судзяць адміністратара пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё” Васіля Юрэвіча. Яго абвінавачваюць у правядзеньні набажэнства, на якое не было дазволу ўладаў. Вернікі абураныя дзеяньнямі ўладаў, якія не дазваляюць ім зьбірацца разам, каб паслухаць прамову пастара. Царкве пагражае ліквідацыя. Ужо зачынілі дзьве пратэстанцкія суполкі — кальвіністаў, пастар якой — Леанід Ліпень, і “Беларускую эвангельскую царкву”, дзе пастарам Эрнэст Сабіла.

Васіль Юрэвіч прыйшоў 5 кастрычніка на суд разам з двума дзясяткамі вернікаў. Спадара Юрэвіча абвінавачваюць у правядзеньні набажэнства 4 верасьня — менавіта ў той дзень вернікі чакалі ля будынку царквы старшыню Менгарвыканкаму Міхаіла Паўлава. Яны запрашалі яго да сябе, каб вырашыць пытаньне наконт царкоўнага будынку.

Нагадаем, вернікі ў 2002 годзе набылі ва ўласнасьць былы калгасны кароўнік на ўскрайку Менску. Там цяпер і адбываюцца набажэнствы. Гарадзкія ўлады спачатку пазбавілі вернікаў зямельнага надзелу, а цяпер пераводзяць будынак з прыватнай у дзяржаўную маёмасьць.

Сёньня судзьдзя Надзея Рэўцкая дапытала Васіля Юрэвіча. А вось складальнікі пратаколу на суд не прыйшлі. Наагул, высьветлілася, што пратакол складаўся адным чалавекам у будынку міліцыі, а рапартаў супрацоўнікаў міліцыі, якія б зафіксавалі склад правапарушэньня, няма. Васіль Юрэвіч упэўнены, што самі міліцыянты не ініцыявалі адміністрацыйнай справы. Ён лічыць, што яны выконваюць загад.

(Юрэвіч: ) “Цяпер зразумела, што гэтая справа ёсьць загадам зьверху. Гэта ў кантэксьце тэндэнцыі ў адносінах да рэлігійных меншасьцяў. Калі я запытваў у судзьдзі, ці ёсьць на мяне ў справе рапарты інспэктараў, якія б канстатавалі факт правапарушэньня, то яна адказала, што іх няма, а ёсьць толькі пратакол, напісаны супрацоўніцай міліцыі Тацянай Дэкан. Міліцыянты нават не паклапаціліся, каб захаваць працэдуру складаньня пратаколаў. У іншай справе за такія пратаколы міліцыянтаў пазбавілі б прэміі”.

Далейшае судовае разьбіраньне прызначана на 7 кастрычніка. Вернікі царквы “Новае жыцьцё” паведамілі Радыё Свабода, што да пачатку новага паседжаньня пададуць скаргу ў пракуратуру на дзеяньні міліцыянтаў.

Паводле двух папярэдніх прысудаў Васіль Юрэвіч мусіць заплаціць дзяржаве каля 4000 даляраў за тое, што вернікі зьбіраліся на набажэнствы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG