Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка першага дня Кангрэсу


Ягор Маёрчык, Менск Галоўны вынік першага дня працы Кангрэсу – падпісаная пагадненьне паміж “дзясяткай” і прэтэндэнтамі на адзінага кандыдата. Дамова фіксуе абавязкі бакоў, пасьля таго як будзе абраны адзіны кандыдат.

Напярэдадні Кангрэсу нацыянал-бальшавікі расьпісалі сьцены Палаца культуры МАЗу лёзунгамі: “Слава – Союзу, нет – Евросюзу!”, “Нет продажной оппозиции!” і “Руки прочь от Беларуси!” Цягам паўгадзіны работнікі палацу зафарбавалі гэтыя надпісы. Старшыня аргкамітэту Кангрэсу дэмакратычных сілаў Аляксандр Бухвостаў спадзяецца, што міліцыя знойдзе і прыцягне нацыянал-бальшавікоў да адказнасьці.

Адбылася правакацыя – гурт пераапранутых артыстаў, якія сьпявалі песьню “Голубой вагон” і пазавалі перад тэлекамэрамі беларускіх дзяржаўных каналаў БТ ОНТ і СТВ. Пасьля да камэраў падышлі мужчыны ў парыках і пачалі цалавацца. Камэры таксама зафіксавалі абурэньні ўдзельнікаў і гасьцей Кангрэсу. Тэлежурналісты пачалі рабіць апытаньні на тэму, як прысутныя ставяцца да аднаполых шлюбаў? Дэлегаты Кангрэсу зазначаюць, што такім чынам афіцыйнае тэлебачаньне будзе асьвятляць сход.

Заля Кангрэсу ўпрыгожаная ў белых і чырвоных колерах. Сымбалямі Кангрэсу – дрэва з кронаю ў выглядзе мапы Беларусі. Лёзунгі, пад якімі праходзіць сход: “Разам за свабоду й перамены”, “Мы любім Беларусь”.

Аляксандр Бухвостаў паведаміў, што ў працы Кангрэсу удзельнічаюць 760 чалавек. У залі прысутнічаюць 260 гасьцей, сярод якіх прадстаўнікі амбасадаў ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, Італіі, Чэхіі, дэпутаты Эўрапарлямэнту, прадстаўнікі расейскіх партыяў СПС і “Яблоко”. Кангрэс асьвятляюць 160 журналістаў.

У сваім звароце Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла вітала гатоўнасьць беларускіх дэмакратычных партыяў кансалідавацца дзеля дасягненьня агульнай перамогі.

На Кангрэсе паказалі відэазапісы са зваротамі аднаго зь лідэраў сацыял-дэмакратычнага руху Міколы Статкевіча, які адбывае пакараньне ў Баранавічах і Паўла Севярынца. Статкевіч пажадаў дэлегатам адзінства. “Улада будзе імкнуцца раскалоць вас. Не паддавайцеся!”. Севярынец сказаў, што "трэба верыць так, як украінцы, тады пераможам".

Яшчэ адзін палітвязень Андрэй Клімаў прыехаў на Кангрэс з Крупак. Ён заклікаў правесьці вулічныя акцыі: “У беларусаў ёсьць свой Майдан – гэта Кастрычніцкі пляц. 25 сакавіка 2006 году туды павінны выйсьці людзі. Яны павінны дамагчыся, каб Аляксандр Лукашэнка адмовіўся ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах.”

Зь іншых выступаў варта ўзгадаць прамову кіраўніка дэпутацкай групы "Рэспубліка" Палаты прадстаўнікоў мінулага скліканьня генэрала Валера Фралова. Ён заклікаў адмовіцца ад антырасейскай рыторыкі. І сказаў, што "нацыяналізм у яго асацыюецца з фашызмам".

Колішні міністар замежных справаў Пятро Краўчанка наадварот заявіў, што “за 15 год палітычнага жыцьця я перастаў баяцца слова “нацыяналізм”. Нацыяналізм у мяне асацыюецца з патрыятызмам”.

Заўтра паседжаньні пачнуцца а 10 раніцы. У праграме выступы кандыдатаў і агітацыя. Чакаецца, што будзе два туры галасаваньня. А ў перапынках між імі будуць прымацца рэзалюцыі, якія складуць плятформу адзінага кандыдата ад апазыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG