Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз накладзе санкцыі на Ўзбэкістан за Андыжан


БРУСЭЛЬ. Узмацняецца міжнародны ціск на Ўзбэкістан з мэтаю прымусіць дзяржаву правесьці міжнароднае рассьледаваньне падзеяў у Андыжане ў траўні, калі сілы бясьпекі забілі каля 700 чалавек. Упанядзелак Эўразьвяз мае намер прыняць пастанову аб накладаньні эмбарга на продаж зброі Ўзбэкістану і аб іншых санкцыях. Санкцыі будуць дзейнічаць, пакуль Узбэкістан працягне пакрываць тое, што Эўразьвяз называе “разьнёй”. Прадстаўніца Эўразьвязу Эма Удвін заявіла:

(Удвін:) “Мы глыбока зацікаўленыя падзеямі ў Андыжане ў траўні сёлета. Мы атрымліваем верагодныя паведамленьні пра забойствы і абставіны забойстваў. Гэта здаецца нам падставай для сур’ёзнага рассьледаваньня ў адпаведнасьці зь міжнародным правам, каб мы ўсе маглі ведаць праўду”.

Ільхом Закіраў, прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Узбэкістану, заявіў, што Ташкент ня мае афіцыйнай рэакцыі на гэтыя крокі Эўразьвязу. Луіза Арбор, старэйшая чыноўніца ААН ў справе правоў чалавека заявіла, што мае намер паслаць місію ва Ўзбэкістан, каб прасачыць за ходам судовага працэсу супраць удзельнікаў паўстаньня. Два амэрыканскія кангрэсмэны зьвярнуліся ў адміністрацыю Джорджа Буша спыніць ваенныя выплаты ўзбэцкаму рэжыму.
XS
SM
MD
LG