Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы кошт квадратнага мэтра ў менскай “хрушчоўцы” – 1000 даляраў


Вячаслаў Кулік, Менск У верасьні ў Менску зафіксаваны найвышэйшы скачок цэнаў на жыльлё. Паводле агенцтваў нерухомасьці, сярэдні кошт квадратнага мэтра аднапакаёвай кватэры на другасным рынку жыльля ўпершыню дасягнуў адной тысячы даляраў.

Таннымі кватэры ў беларускай сталіцы не былі ніколі. І адна тысяча даляраў за квадратны мэтар – гэта прамежкавы рубеж. Так, дарэчы, лічыць намесьнік старшыні Менскага гарвыканкаму Вячаслаў Кушнер.

(Кушнер: ) “Усё фактычна падцягваецца да сусьветных цэнаў. Будаўнічая галіна і галіна вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў – яны ўсё-такі энэргаёмістыя”.

Паводле спадара Кушнера, калі Расея вызначыць на будучы год новыя цэны на газ і электрычнасьць, то зімой у Беларусі трэба чакаць чарговы віток дарагавізны на жыльлё. Акрамя таго, кажа суразмоўца, перакос між попытам і прапановай стымулюе рост ільготаў для шэрагу сацыяльных катэгорыяў. Напрыклад, нядаўна на зьезьдзе БРСМ Лукашэнка зноў паабяцаў прэфэрэнцыі моладзі. Сытуацыю ўдакладняе Вячаслаў Кушнер.

(Кушнер: ) “У нас нават складваецца сытуацыя такая, што колькасьць ільготных крэдытаў перавышае нашы вытворчыя магутнасьці ў будаўніцтве. Хаця сёлета горад Менск плянуе ўвесьці ў эксплёатацыю 840 тысяч мэтраў квадратных”.

У агенцтве нерухомасьці “Твая сталіца” паведамілі, што звычайная “хрушчоўка” плошчай 15 мэтраў і з кухняй ня больш за 5,8 мэтра на апошніх паверхах у аддаленым ад цэнтру раёне каштуе ня менш за 28 тысяч даляраў. Як жыхары Менска ацэньваюць жыльлёвую палітыку ўлады, я запытваў у мінакоў на вуліцах сталіцы.

(Першы спадар: ) “Я лічу, што ў кошт кватэры ўваходзіць плата працаўнікам, якія не працуюць, а проста адбываюць свой час. Урад падтрымлівае нашы заводы па вырабу цэглы, жалезабэтону. Атрымліваецца: ці трэба выганяць людзей, альбо пакідаць і плаціць ім грошы”.

(Спадарыня: ) “Мае дзеці жывуць у Чарнобылі. У мяне двое ўнукаў, у маленькага гемаглябін пастаянна падае. З маім заробкам і сын працуе, і нявестка стараецца, але мы ня можам купіць жыльлё сабе”.

(Другі спадар: ) “Уся эканамічная сытуацыя такая, што ўсё будзе даражэць і даражэць. І пакуль гэта ўсё ня зьменіцца, так і жыльлё і усё астатняе будзе расьці ў цане. Нічога зьдзіўляючага няма. Трэба мяняць карэнным чынам вельмі многае”.

Рост цэнаў на жыльлёвым рынку сталіцы камэнтуе эканаміст Яраслаў Раманчук.

(Раманчук: ) “Тут дзяржава вінавата ў поўным памеры. Яна кантралюе продаж будаўнічых паслугаў. Яна кантралюе рынак зямлі і, па сутнасьці, не пускае на рынак кампаніі, якія маглі б істотна пашырыць продаж паслугаў і кватэр. Упраўленьні капітальнага будаўніцтва – менскі і абласны УКСы, якія будуюць кватэры, разам зь Міністэрствам архітэктуры жорстка кантралююць гэты рынак, і менавіта яны вінаватыя, што цэны на жыльлё ўзьляцелі на ўзровень маскоўскіх. Каб у нас быў сапраўдны рынак будаўнічых паслугаў, то, мяркую, ніколі б мэтар не каштаваў бы 1000 даляраў. Ён каштаваў бы 500-600 даляраў максымум”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG