Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станам здароўя ваўкавыскіх галадоўнікаў ніхто не цікавіцца


Міхал Карневіч, Горадня Дзевяты дзень галадае ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч. Сёньня прэзыдыум Вышэйшага гаспадарчага суду разгледзіць у Менску ягоную справу. Сёмыя суткі ў Ваўкавыску трымае галадоўку Натальля Няборская. Яе станам здароўя ніхто не цікавіцца.

Натальля Няборская галадае ўпершыню ў сваім жыцьці. Яна распачала галадоўку пасьля таго, як атрымала рашэньне Ваўкавыскага суду аб тым, што павінна выплаціць 6,5 мільёнаў рублёў падатку за набыцьцё кватэры ў Менску. Такі высокі падатак ёй прызначыў суд таму, што яна ня здолела даць у падатковую інспэкцыю ўсіх дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць ейны даход за некалькі гадоў. Натальля Няборская пэўны час працавала ў Запаляр’і, адтуль прыйшло толькі пацьверджаньне, што яна там жыла, а дакумэнты, якія датычаць яе працоўнай дзейнасі, было напісана ў адказе, згарэлі. Аб сваёй галадоўцы яна папярэдзіла мясцовыя ўлады, але яе станам здароўя за гэтыя дні ніхто не пацікавіўся.

(Няборская: ) “Стала ўжо вельмі цяжка. Запавольваецца мова, пачаліся праблемы з памяцьцю. Я доўга думаю, каб ўзгадаць імя чалавека. У шпіталь ісьці баюся, паколькі ўжо наслухалася, што тут усё павязана. Пакуль здолею трымацца, буду трымацца”.

Натальлі Няборскай 36 гадоў. У яе 12-гадовы сын. Цяпер яна нідзе не працуе.

Мікалай Аўтуховіч тлумачыць сваю галадоўку тым, што супраць ягонага бізнэсу пачаўся чарговы наступ з боку падатковых органаў і мясцовых уладаў. Аўтуховічу і фірме “Ніка-Транс”, зь якой ён супрацоўнічае, падатковыя органы выставілі амаль мільён даляраў недаплачаных падаткаў і штрафаў.

Ухіленьнем ад выплаты падаткаў сьледзтва палічыла тое, што фірма давала прадпрымальніку Аўтуховічу для работы на ягоных таксоўках сваіх кіроўцаў па дамове. І заробленыя грошы кіроўцы здавалі ў касу прадпрымальніка, а не фірмы. Сьледзтва лічыць, што паслугі таксі аказвала фірма, а не прадпрымальнік, а фірма ня мае ліцэнзіі на перавозку пасажыраў. І значыць, яна павінна вярнуць дзяржаве выручку за ўвесь пэрыяд працы, з вясны 2003 па восень 2004 года.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG