Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бывае, і воўк сьпявае


Уладзімер Содаль, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Трое музыкаў з Кушлянаў ігралі вясельле ў суседняй вёсцы. Адыгралі тое вясельле – пара й дахаты. А ісьці трэба празь лес. Ідуць адзін за адным, гуськом, гамоняць: ці то кожны сам з сабою, ці то ўсе разам гудуць-гугнявяць. А ў вачах мутна. Усё дваіцца, траіцца. Але ідуць-брыдуць, ногі сунуць-перастаўляюць. Аж насустрач ім паніч такі файны выходзіць: у белай манішцы з цыліндрам на галаве. Порткі на ім у абцяжку. І гаворыць:

– Казалі мне, што вы вельмі ўдалыя музыкі, пекна граеце. Я запрашаю вас у маім палацы пайграць.

Пайшлі. Ішлі доўга ці мала, але дайшлі. Перад імі і праўда прыгожы палацык. Увесь у агнях. У панскіх пакоях усюды і ўсё зях-зях, блісь-блісь... Гралі яны ў тых пакоях ці не гралі і колькі яны там гралі – ня памятаюць.

Калі ж вочы працерлі, бачаць: усе ўтрох сядзяць на высокім лаўжы з ламачча, а вакол іх цемра, лес і ваўкі – выюць-завываюць ці мо нават сьпяваюць. Давялося скрыпачам-небаракам прыціснуць свае скрыпачкі да плечукоў і падыграць тым ваўкам. Тады яны паверылі: бывае, што і воўк сьпявае, калі нехта яму добра грае.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG