Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маршалу Жукаву ў Менску ня могуць знайсьці месца


Ігар Карней, Менск Лёс помніка савецкаму маршалу Георгію Жукаву, які на просьбу вэтэранскіх арганізацыяў гарадзкія ўлады ад пачатку меліся паставіць ля менскага Дому афіцэраў, а пасьля, на рашэньне Міністэрства абароны, у двары Ваеннай акадэміі Міністэрства абароны, зноў стаў няпэўным. Паводле вэтэранаў, цяпер гарадзкія ўлады выпраўляюць іх разам з Жукавым на праспэкт імя гэтага савецкага маршала. Але ўсталяваць там помнік немагчыма бяз згоды кіраўніка дзяржавы.

Кіраўніку “Грамадзкага фонду імя маршала Жукава” Дзьмітрыю Сяньку раз-пораз даводзіцца супакойваць вэтэранаў: маўляў, унёскі на помнік савецкаму палкаводцу не змарнаваныя, і чакаюць свайго часу на банкаўскім рахунку. Разам з тым, спадар Сянько не хавае крыўды на гарадзкое ды вайсковае кіраўніцтва, якое спачатку абяцала ўсталяваць скульптуру ля Дому афіцэраў, а потым у двары Ваеннай Акадэміі, але ніводнага з абяцаньняў ня выканала. У выніку, як гаворыць спадар Сянько, страчаны ня толькі час, але і грошы: калі ад пачатку гаворка вялася пра конную скульптуру, то цяпер сабраных грошай хапае толькі на бюст маршалу. Аднак, як скардзіцца Дзьмітры Сянько, цяпер невядома, дзе будзе стаяць і сам бюст.

(Cянько: ) “Накіравалі міністру абароны яшчэ адзін запыт, каб ён паспрыяў. Адтуль прыйшоў адказ: маўляў, пажадана ўсталяваць помнік на праспэкце Жукава ў Менску. А Камітэт архітэктуры Менгарвыканкаму адказаў, што такія рашэньні прымаюцца толькі з дазволу кіраўніка дзяржавы. Такім чынам, кола замкнулася. Нічога не атрымліваецца. Пішам на прэзыдэнта ліст — ён, адпаведна, спускаецца на прэзыдэнцкую адміністрацыю, адтуль зноў — на гарвыканкам. І зноў усё спачатку. Так што мы нават і ня ведаем, як выйсьці з гэтага становішча”.

Як расказаў спадар Сянько, рашэньне паставіць конную скульптуру ля Дому афіцэраў гарадзкія ўлады спачатку ўхвалілі, але потым ад ідэі гэтак жа хутка адмовіліся. Потым вэтэраны хадайнічалі, каб паставіць помнік на праспэкце Машэрава. Пасьля таго, як праспэкт перайменавалі ў Пераможцаў, Жукаў тут глядзеўся б цалкам арганічна. Аднак Менгарвыканкам такую мажлівасьць адкінуў. Урэшце вэтэраны зьвярнуліся ў Міністэрства абароны з просьбай паставіць помнік на тэрыторыі Ваеннай акадэміі, што нібыта знайшло адпаведнае разуменьне з боку абароннага ведамства. Але тым часам інфляцыя, так бы мовіць, “зьела” каня, і гаворка ішла толькі пра бюст — праўда, ажно 7,5 мэтраў вышынёй. Пэрспэктыва усталяваць яго ня ў самым людным месцы, на праспэкце Жукава, вэтэранаў ня вельмі задавальняе.

Чаму ўлады, якія звычайна вельмі чула ставяцца да патрабаваньняў вэтэранаў, вырашылі адкарэктаваць сваё ж рашэньне аб ушанаваньні памяці маршала Жукава? Ці не запярэчыў гэтаму галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Беларусі? Некаторыя архітэктары ды скульптары ня бачаць у сытуацыі вялікай палітыкі. Архітэктар Уладзімер Папруга, сябра горадабудаўнічай рады на момант абмеркаваньня мэтазгоднасьці помніка, распавёў, што з Домам афіцэраў такі помнік не стасуецца ў прынцыпе: у камэрныя бульвары ды інтэр’ерныя зоны конны помнік проста ня ўпісваецца. Паводле спадара Папругі, у гэтым выпадку можна весьці гаворку хіба толькі пра “прысьценны памятны знак”. Што да Ваеннай акадэміі, то гэта, на думку спадара Папругі, справа выключна абароннага ведамства. А да магчымасьці пераезду бронзавага Жукава на праспэкт свайго ж імя архітэктар Папруга і ўвогуле ставіцца спакойна.
XS
SM
MD
LG