Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Джэм-банк” трапіць у рукі да расейскага нацыянал-шавініста?


Міхал Стэльмак, Менск Беларускі “Джэм-банк”, які нядаўна апынуўся ў цэнтры ўвагі Нацбанку з прычынаў магчымых фінансавых злоўжываньняў, зьбіраецца набыць расейскі інвэстар. Пакупнік – дзеяч Расейскага нацыяналістычнага і праваслаўнага руху Аляксей Сенін.

У “Джэм-банку” мяркуецца зьмена гаспадароў. У распаўсюджаным 6 верасьня паведамленьні рады дырэктараў банку гаворыцца, што старшыня рады спадар Агееў накіраваў на адрас старшыні Нацыянальнага банку Пятра Пракаповіча ліст пра намер расейскіх акцыянэраў “Джэм-банку” значна павялічыць расейскую долю ў яго капітале.

Паведамляецца таксама, што кантрольны пакет акцыяў банку набудзе Аляксей Сенін, які зьяўляецца прэзыдэнтам “Дабрачыннага фонду падтрымкі праваслаўных праграмаў “Славія” і галоўным рэдактарам газэты “Русский вестник”. Пра што газэта?

Як паведаміла яе супрацоўніца, гэта выданьне праваслаўна-патрыятычнай накіраванасьці:

(Спадарыня: ) “Праваслаўная тэматыка ў нас шырока ідзе, і патрыятычная”.

Інтэрнэт-старонка гэтага выданьня паведамляе, што Аляксей Сенін ёсьць ня толькі рэдактарам, а й адным з заснавальнікаў газэты. Яна выдаёцца ад 1991 году, адлюстроўвае інтарэсы рускіх, у тым ліку, што жывуць у замежжы, а таксама асьвятляе адраджэньне праваслаўя.

Рускія, як сьцьвярджае газэта, гэта трыадзіны народ – вялікаросы, маларосы і беларусы.

Патрыярх Маскоўскі і ўсея Русі Алексій ІІ у адным зь лістоў на імя галоўнага рэдактара зазначыў, што “Русский вестник” – “адно зь нешматлікіх расейскіх выданьняў, якое займае пасьлядоўна праваслаўную пазыцыю”.

На старонках газэты прысутнічае і беларуская тэматыка. Напрыклад, у адным са сьвежых артыкулаў “Русский вестник” заяўляе: злучэньне Беларусі й Расеі неабходна праводзіць любым шляхам. Таму што Беларусь – гэта нібыта “неад’емная гістарычная частка адзінай Расеі”.

Выданьне вельмі прыхільна ставіцца да Аляксандра Лукашэнкі. “Расея павінна купіць Беларусь у яе ўласнай часовай улады, якая сама гэтага вельмі хоча”, – піша “Русский вестник”. Але выданьне ня толькі друкуе падобныя матэрыялы пра Беларусь, але й распаўсюджваецца на яе тэрыторыі.

Паводле прадстаўнікоў габрэйскіх арганізацыяў Беларусі, у матэрыялах газэты нярэдка ўтрымліваецца антысэміцкая прапаганда. У прыватнасьці, вось што зазначыў на гэты конт старшыня юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Беларусі Юры Дорн:

(Дорн: ) “Гэта вядомая газэта ў Беларусі. Газэта прытрымліваецца права-праваслаўных поглядаў. Яна абражала пачуцьці вернікаў юдэйскай канфэсіі. Напрыклад, прыводзіла цытаты з пратаколу Сіёнскіх мудрацоў. Мы зьвярталіся ў некалькі дзяржаўных інстанцыяў у дачыненьні тых тэмаў, якія гэтая газэта ўздымае”.

Між тым, нягледзячы на такія звароты габрэйскіх арганізацыяў да ўладаў, каб прыняць захады ў дачыненьні да “Русского вестника”, яна і цяпер працягвае распаўсюджвацца ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG