Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натан Шчаранскі перадаў сваю кнігу беларускім палітвязьням


Алег Грузьдзіловіч, Менск Вядомы савецкі дысыдэнт Натан Шчаранскі перадаў сваю кнігу “Не пабаюся зла” беларускім палітвязьням. Першы асобнік адрасаваны Міхаілу Марынічу, вядомаму апазыцыянэру, які другі год знаходзіцца за кратамі.

Асобнікі кнігі Натана Шчаранскага “Не пабаюся зла” з аўтографам і найлепшымі пажаданьнямі аўтара прывезла ў Беларусь сустаршыня грамадзкага руху “Мы памятаем” Ірына Красоўская. Першая з падараваных вядомым савецкім дысыдэнтам кніг адрасаваная Міхаілу Марынічу. Ён ужо бачыў яе і перадаў на волю словы падзякі Натану Шчаранскаму ды Ірыне Красоўскай.

Былы дысыдэнт Натан Шчаранскі правеў у савецкіх лягерах 9 гадоў. У 1991 годзе ён апісаў свае пакуты і тое, як дзейнічаў КДБ супраць іншадумцаў, у кнізе “Не пабаюся зла”. Там ёсьць і такія радкі: “Падзеі ў СССР у апошні час паказваюць, што барацьба зусім не завершаная, што яна яшчэ наперадзе”. Ірына Красоўская кажа, што актуальнасьць кнігі для сёньняшняй Беларусі падштурхнула яе зьвярнуцца да аўтара наўпрост.

(Красоўская: ) “Я прачытала кнігу і падумала, што, паколькі ў нас ёсьць палітычныя вязьні і яны знаходзяцца пад такім жа ціскам, як гэта было ў тыя гады, ім будзе вельмі цікава і карысна прачытаць гэтую кнігу. Я папрасіла Натана Шчаранскага падараваць кнігі нашым палітвязьням, і падчас наступнай сустрэчы гэтым летам ён падараваў гэтыя кнігі з надпісамі для палітычных вязьняў. Толькі, на жаль, з таго часу ў нас палітвязьняў стала яшчэ больш”.

Ірыны Красоўская кажа, што падрабязна распавяла Натану Шчаранскаму пра беларускіх палітвязьняў, пра тое, за што іх асудзілі фармальна і што насамрэч стала прычынай перасьледу. “Натан Шчаранскі быў вельмі ўзрушаны пачутым”, — кажа Ірына Красоўская.

Падобныя пачуцьці перажыў і Міхаіл Марыніч, калі яму паказалі падараваную кнігу з асабістым подпісам аўтара. “Для мяне гэта моцная падтрымка ў барацьбе”, — гэтак, паводле сваякоў, ацаніў Міхаіл Марыніч падарунак Натана Шчаранскага. Вязень папрасіў забраць кнігу, паколькі апасаецца, што яе адбяруць ахоўнікі калёніі.

5 верасьня адвакат Валянціна Шаханцова наведала Міхаіла Марыніча ў калёніі. Яна кажа, што Міхаіл Марыніч адчувае сябе лепей, але яшчэ не зусім здаровы.

(Шаханцова: ) “У яго яшчэ няма суцэльнага выздараўленьня. Гэта адчуваецца ў рухах, у размове”.

Увесну ў Аршанскай калёніі Міхаіл Марыніч перанёс інсульт і патрапіў у турэмны шпіталь. Пазьней у вязьня таксама знайшлі хваробу вока. Усе патрабаваньні сваякоў палячыць Міхаіла Марыніча ў цывільным шпіталі скончыліся марна. Адміністрацыя менскай калёніі, куды перавялі Міхаіла Марыніча, нязьменна заяўляла, што яму аказваецца неабходная мэдычная дапамога.

Нядаўна Міхаіл Марыніч патрапіў пад амністыю, яму зьнялі адзін год з прызначаных трох з паловай, але гэта ня стала падставай для датэрміновага вызваленьня. Адвакат і сваякі Марыніча кажуць, што яго могуць вызваліць да канца году.

Былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч быў арыштаваны ў красавіку 2004 году і праз паўгоду асуджаны нібыта за крадзеж маёмасьці няўрадавай арганізацыі. Ён сябе вінаватым не прызнаў і патлумачыў перасьлед палітычнымі прычынамі, у прыватнасьці тым, што зьбіраўся браць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала Міхаіла Марыніча вязьнем сумленьня.

Гл. таксама • Легендарны савецкі палітвязень Натан Шчаранскі – на беларускай Свабодзе
XS
SM
MD
LG