Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21 жніўня пачалася інтэрвэнцыя СССР у Чэхаславаччыну


RFE/RL Каляндар Свабоды – 21 і 22 жніўня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 21 і 22 жніўня.

Сьпярша – пра памятныя даты ўчорашняе нядзелі.

21 жніўня 1941 году ў Менску была створаная Беларуская Незалежніцкая Партыя. Зьміцер Касмовіч згадвае, што ў той дзень некалькі патрыятычна настроеных супрацоўнікаў акупацыйнай адміністрацыі, сабраўшыся на прыватнай кватэры, абмеркавалі палітычную сытуацыю ў краіне і зрабілі наступныя высновы: «Мэта Гітлера ёсьць калянізацыя і паняволеньне Беларусі; Беларускі народ павінен выкарыстаць вайну для сваёй мэты – аднаўленьня вольнай беларускай дзяржавы; Для ажыцьцяўленьня гэтай мэты патрэбная беларуская збройная сіла». Ворагам нумар адзін падпольшчыкі назвалі бальшавіцкую Маскву, ворагам нумар два – нацысцкую Нямеччыну.

21 жніўня 1968 году пачалася інтэрвэнцыя войскаў Варшаўскага пакту на чале з СССР у Чэхаславаччыну. Такім чынам працэс дэмакратычнага абнаўленьня краіны, названы «Праскай вясной», быў спынены.

21 жніўня 1999 году старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Сямён Шарэцкі, які знаходзіўся тады ў эміграцыі ў Вільні, падпісаў наступную заяву: “У сувязі са сканчэньнем 20 ліпеня 1999 году прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі Аляксандра Рыгоравіча я, як Старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь, заяўляю аб тым, што згодна з артыкулам 105 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, пачынаю выконваць абавязкі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь”.

21 жніўня 1874 году ў мястэчку Друя на Браслаўшчыне нарадзіўся Ўладзімер Беняшэвіч, гісторык з эўрапейскім імем. Ён дасьледваў культуру Бізантыі, гісторыю царкоўнага права, старажытныя пісьмовыя помнікі. Ягонаму пяру належаць сотні працаў. Лёс Уладзімера Беняшэвіча склаўся надзвычай трагічна. Шмат разоў ён апынаўся ў савецкіх турмах, на катарзе і ссылцы. У абарону яго выступалі Альбэрт Эйнштэйн і Фрыцьёф Нансэн. Але гэта не дапамагло. У 1937-м годзе прафэсар Беняшэвіч быў расстраляны.

Цяпер – сёньняшні каляндар.

22 жніўня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца апостал Мацей. “Пасьля Мацея, – казалі нашыя продкі, – мужык на полі не пацея”. Гэта значыць, што палявыя працы ўжо пераважна скончаныя.

Сёньня Расея сьвяткуе Дзень свайго сьцяга. Менавіта 22 жніўня 1991 году быў адноўлены ў якасьці дзяржаўнага гістарычны расейскі трыкалёр. Згадаем, што ў Беларусі гістарычны дзяржаўны бел-чырвона-белы сьцяг быў адменены прэзыдэнтам Лукашэнкам у 1995 годзе. З таго моманту ён стаў сьцягам патрыятычных сілаў краіны.

22 жніўня ў 1898 годзе ў Троцкім павеце пад Вільняю нарадзіўся гісторык Генрык Лаўмянскі. У міжваенны час Лаўмянскі быў прафэсарам Віленскага ўнівэрсытэту і шмат дасьледаваў гісторыю нашага краю, напісаў кнігі пра мінуўшчыну Вялікага Княства Літоўскага, пра Наваградзкае ваяводзтва ды шмат іншага.
XS
SM
MD
LG