НОВЫ АРЛЕАН. ЗША. Працягваюцца ратавальныя працы ў трох штатах ЗША, пацярпелых ад урагану “Катрына”. Сёньня ў Новы Арлеан прыбыла вайсковая аўтакалёна з прадуктамі харчаваньня і прадметамі першай неабходнасьці, а таксама тысячы нацыянальных гвардзейцаў. У гарадзкім цэнтры кангрэсаў гвардзейцы раздаюць ежу і ваду. Ідзе эвакуацыя каля 10 тысячаў чалавек, якія схаваліся ад стыхіі ў будынку гіганцкага стадыёну. Вывозяць таксама хворых з гарадзкіх шпіталёў. Ад панядзелка, калі горад быў практычна ўвесь затоплены, дзесяткі тысячаў чалавек застаюцца ў жахлівых умовах. Сёньня прэзыдэнт ЗША Джордж Буш пасьля вяртаньня ў Вашынгтон з зоны бяды заявіў, што туды будуць пасланыя дадаткова яшчэ 7 тысячаў вайскоўцаў дзеля ліквідацыі наступстваў прыроднай катастрофы.