Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сотні людзей загінулі ў Багдадзе на мосьце праз раку Тыгр


Юрась Бушлякоў, Прага Трагедыя ў Багдадзе на мосьце праз раку Тыгр забрала жыцьці соцень людзей. Паводле зьвестак Міністэрства аховы здароўя Іраку, ахвярамі трагедыі сталі ня менш за 840 іракцаў, звыш 300 чалавек атрымалі раненьні. Пра трагічныя падзеі ў ірацкай сталіцы – наш карэспандэнт.

Блізка мільёна паломнікаў зьбіраліся сёньня раніцаю на тэрыторыі галоўнай шыіцкай сьвятыні Багдаду – мячэці Аль-Казымія, каб ушанаваць гадавіну пакутніцкай сьмерці сьвятога – імама Мусы аль-Казыма, якога шыіты лічаць наступнікам прарока Мухамэда. Трагедыя здарылася недалёка ад мячэці – на мосьце праз Тыгр. Сьпярша група вернікаў была абстраляная зь мінамётаў – загінулі ня менш як 16 чалавек. Пасьля гэтага па людзях пайшла пагалоска пра сьмяротнікаў, якія знаходзяцца ў натоўпе і гатовыя ў любы момант падарваць сябе. Выбухнула паніка.

Расказвае адзін з паломнікаў, якому ўдалося ацалець:

(Сьведка: ) “Мы былі паблізу сьвятыні – мячэці Аль-Казымія, і там пайшла пагалоска пра замінаваную машыну. На мосьце былі тысячы людзей. Усіх ахапіў проста сьмяротны страх. Пачалася паніка. Людзі пачалі затоптваць адны адных”.

Паломнікі спрабавалі выбрацца з натоўпу. Сталёвыя поручні мосту ня вытрымалі, і людзі пачалі спадаць у раку. Частка паломнікаў патанула ў рацэ, а шмат хто быў папросту затаптаны. Карэспандэнт радыё “Свабодны Ірак” Набіль аль-Хайдары апісвае трагічныя падзеі ў Багдадзе:

(аль-Хайдары: ) “Агароджа мосту пад напорам масы людзей абвалілася, і дзясяткі, сотні людзей упалі ў раку. Шмат хто быў проста затаптаны ў натоўпе”.

Выратавальныя работы ўскладніліся тым, што ўсе пад’езды да мосту, дзе здарылася трагедыя, былі запруджаныя людзьмі.

Прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя Іраку Ясіб Лятыф Алі заявіў, што да канца дня колькасьць ахвяраў трагедыі можа вырасьці да тысячы чалавек. Бальшыня загінулых – дзеці й жанчыны. Дзясяткі параненых застаюцца ў цяжкім стане.

Ірацкія ўлады ўсклалі віну за трагедыю на тэрарыстаў. Вайсковы экспэрт Мухамэд аль-Аскары зь Міністэрства абароны Іраку заявіў, што трагедыя была загадзя сплянаваная тэрарыстамі, якія якраз і пусьцілі чуткі пра сьмяротнікаў.

Прэм’ер-міністар Іраку Ібрагім аль-Джаафары аб’явіў у краіне трохдзённую жалобу.
XS
SM
MD
LG