Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ прапануе Літве дыялёг зь Беларусьсю


Тацяна Поклад, Вільня Кіраўнік Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Элсі Гастынгс сёньня ў Вільні заявіў, што для дэмакратызацыі Беларусі больш дзейсным будзе дыялёг Літвы і іншых балтыйскіх краінаў са сваёй суседкай, чым спробы АБСЭ прапагандаваць дэмакратычныя пагляды.

Прэзыдэнт Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Элсі Гастынгс сёньня ў Вільні браў удзел у 14-й канфэрэнцыі Парлямэнцкай Асамблеі краінаў Балтыйскага мора, на якой адной з галоўных была тэма стабільнасьці і дэмакратыі ў рэгіёне. У праекце рэзалюцыі, апрача іншага, гаворыцца і аб намерах краінаў рэгіёну і Эўразьвязу пашыраць дыялёг з суседнімі краінамі, у тым ліку зь Беларусьсю, для пашырэньня дэмакратыі і разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці. Рэзалюцыю плянуецца прыняць заўтра.

Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Элсі Гастынгс сёньня сустрэўся са старшынём літоўскага Сэйму Артурасам Паўласкасам. На сустрэчы абмяркоўваліся пытаньні назіраньня за выбарамі, найбольш увагі аддавалася праблемам Беларусі. Паводле кіраўніка Парлямэнцкай Асамблеі, на шляху дэмакратызацыі Беларусі найбольш важная роля аддаецца Літве ды іншым суседзям краіны, якую называюць апошняй дыктатурай у Эўропе.

(Гастынгс: ) “Для таго, каб там, у Беларусі, адбыліся зьмены, неабходны дыялёг. Ня думаю, што АБСЭ і іншыя краіны могуць навязаць свае пагляды і выклікаць зьмены ў Беларусі. Я веру, што слухаць Літву і балтыйскія краіны, працаваць зь імі, распачаць палітычны дыялёг і кантакты зь Беларусьсю, – гэта лепш і больш дзейсна, чым навязваць Беларусі думку АБСЭ”.

Сьпікер літоўскага Сэйму Артурас Паўласкас некалькі дзён таму казаў, што Літва, якая імкнецца да лідэрства ў сваім рэгіёне, можа прадэманстраваць беларусам прыклад іншага жыцьця. Яго калега з партыі сацыял-лібэрал Вацлаў Станкевіч, які ў Сэйме займаецца пытаньнямі замежнай палітыкі, мяркуе, што Літва мусіць больш актыўна дзейнічаць пры вырашэньні праблемаў у дачыненьняў краінаў Эўразьвязу зь Беларусьсю. Да прыкладу, пазыцыю Літвы ў пытаньні міждзяржаўнага польска-беларускага канфлікту Станкевіч лічыць невыразнай.

(Станкевіч: ) “Каб быць лідэрам, трэба ім быць, трэба і рызыкаваць, і мець ідэі і імкнуцца да іх рэалізацыі ў палітычным жыцьці свайго рэгіёну. Да прыкладу, у апошніх падзеях паміж Беларусьсю і Польшчай Літва трымалася, на мой погляд, збоку, пасіўна, што ніяк не пасуе да амбіцыяў лідэра. Літва павінна была б больш эфэктыўна імкнуцца дапамагчы беларусам і палякам паразумецца. Тым больш, што Літва мае вельмі добры досьвед у сфэры нацыянальных меншасьцяў. Таму я прапанаваў сустрэчу міжпарлямэнцкай літоўска-польскай асамблеі, каб парлямэнтары маглі абмяняцца інфармацыяй і зрабіць супольныя намаганьні, і пасьля сустрэча ў фармаце прэзыдыюму літоўска-польскай асамблеі ў Варшаве адбылася. Магчыма, Літва спазьнілася трохі, але цяпер можна цешыцца, што, прынамсі, не засталася пасіўнай, што цяпер далучаецца да суседніх краінаў і будзе імкнуцца дапамагчы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG