Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17 жніўня ў 1629-м годзе нарадзіўся Ян Сабескі, вялікі князь літоўскі і польскі кароль.


RFE/RL Гэты дзень у гісторыі Беларусі і сьвету

Дзень 17 жніўня ў ваеннай гісторыі Беларусі пазначаны беларуска-швэдзкім пагадненьнем. Яго ў 1655 годзе падпісаў найвышэйшы гетман Януш Радзівіл, разьлічваючы такім чынам абараніць краіну ад польскай экспансіі і агрэсіі з боку Масквы. У выніку дамовы саюз з Польшчай скасоўваўся, а наша Вялікае Княства пераходзіла пад пратэктарат Швэцыі. Аднак новы саюз так і не ажыцьцявіўся, бо супраць Радзівіла ўзбунтавалася ягонае ўласнае войска. Тым ня менш, важны этап беларуска-швэдзкіх дачыненьняў трэба шукаць менавіта ў той гістарычнай даце – 17 жніўня 1655 году.

17 жніўня 1925 году ў Менску Найвышэйшы суд БССР прысудзіў да трох гадоў пазбаўленьня волі мітрапаліта Менскага і Беларускага Мэльхісэдэка. Справай жыцьця мітрапаліта была Беларуская Аўтакефальная праваслаўная царква, якая будзе неўзабаве абвешчаная безь ягонага ўдзелу і праіснуе 10 гадоў, пакуль усе сьвятары ня будуць зьнішчаныя карнымі органамі НКВД. Сам Мэльхісэдэк у Беларусь ужо ня вернецца – ён памрэ ў расейскай ссылцы.

17 жніўня 1601 году нарадзіўся францускі матэматык П`ер Фэрма. Цікава, што тэарэму Фэрма ніхто дагэтуль не даказаў. Праўда, ніхто яе і не абвергнуў. Таксама 17 жніўня, але ў 1629-м годзе нарадзіўся Ян Сабескі, вялікі князь літоўскі і польскі кароль. Між іншым, каралём Сабескага выбралі, гэты тытул дастаўся яму за заслугі і папулярнасьць, а ня ў спадчыну. Менавіта за часоў Сабескага Вялікае Княства Літоўскае супольна з Польшчай перажылі апошні ўзьлёт як адна эўрапейская дзяржава Рэч Паспалітая.

Сярод знакамітых людзей, што нарадзіліся 17 жніўня, згадаем сёньня і амэрыканскага кінаактора Робэрта дэ Ніра.

17 жніўня 2003 году ў Менску на плошчы Бангалёр адбылося сьвяточнае набажэнства ў гонар 450-х угодкаў Рэфармацыі ў Беларусі. Арганізаваў набажэнства Саюз хрысьціянаў веры эвангельскай, а ўдзельнічала ў ім пяць тысячаў вернікаў. Апранутыя ў строі 16 стагодзьдзя, яны чыталі прадмовы да "Псалтыра" Францішка Скарыны й "Катэхізму" Сымона Буднага, а таксама ліст канцлера Вялікага Княства Літоўскага Мікалая Радзівіла Чорнага папскаму нунцыю Алёйзу Ліпаману, у якім канцлер 450 гадоў таму абвясьціў, што вызнае зрэфармаванае эвангельскае вучэньне. Цэнтральнай часткай набажэнства стала супольная малітва за Беларусь.
XS
SM
MD
LG