Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16 жніўня 1903 году прыйшоў на сьвет Мікола Абрамчык -- будучы прэзыдэнт Беларускай Народнай Рэспублікі


RFE/RL Каляндар "Свабоды"

16 жніўня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Антон. Імя гэтага сьвятога ў народзе зьвязвалі зь вятрамі, якія называлі “Антоны-віхравеі”. Лічылася, што моцныя вятры ў гэты дзень абяцаюць сьнежную зіму.

16 жніўня 1945 году, згодна з дамовай паміж СССР і Польшчай, ад Беларусі да Польшчы адышла амаль уся Беластоцкая вобласьць у складзе 17 раёнаў з абласным цэнтрам і 3 раёны Берасьцейскай вобласьці. У межах польскай дзяржавы апынулася значная колькасьць беларускага насельніцтва. Цяпер беларусы ў Польшчы – адна з самых вялікіх нацыянальных меншасьцяў.

16 жніўня 1903 году прыйшоў на сьвет Мікола Абрамчык -- будучы прэзыдэнт Беларускай Народнай Рэспублікі. Нарадзіўся ён у вёсцы Сычавічы цяперашняга Маладачанскага раёну. Вучыўся ў Празе. Стаў адным зь лідэрам беларускае эміграцыі. Раду БНР узначальваў з 1947 году да самае свае сьмерці – у 1970-м.

А яшчэ ў гэты дзень у 980 годзе нарадзіўся славуты Ібн Сіна або Авіцыена -- мудрэц, лекар і музыка ў адной асобе.

16 жніўня 1913 году ў Берасьці прыйшоў на сьвет Мэнахем Бэгін. Увесь сьвет прызнае яго за ляўрэата Нобэлеўскай прэміі. Бэгін быў адным з стваральнікаў дзяржавы Ізраіль. Лёс ягоны пакручасты. Да вайны Мэнахэм скончыў Варшаўскі ўнівэрсытэт. Калі пачалася нямецкая акупацыя ў 1939-м -- уцёк у Вільню, а тут акурат прыйшлі саветы і арыштавалі габрэйскага хлопца. Праўда, замест прысуджаных васьмі гадоў Бэгін правёў у ГУЛагу год, бо ў 1941-м Сталін загадаў выпусьціць усіх палякаў, каб змагаліся з фашыстамі. Тады ж Бэгін уступіў у польскую армію Андэрса, у складзе якой і прыбыў у Палестыну. Там заняўся палітыкай, спачатку арганізоўваў тэракты, а пасьля быў прэм`ер-міністрам новастворанага Ізраіля.

А яшчэ сёньня зьявіліся на сьвет такія розныя людзі як усекітайскі старшыня Цьзян Цэмінь, Джэймс Камэрон, які зьняў фільмы пра Тэрмінатара і Тытанік і амэрыканская сьпявачка Мадона -- у 1958 годзе. Поўнае яе імя Мадона Луіза Вэраніка Чыконэ, а яе імідж заснаваны на парадоксе каталіцкай рэлігійнасьці і перабольшанай сэксуальнасьці. Зрэшты, хто яе ня бачыў у тэлевізары...
XS
SM
MD
LG