Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Шчамялёў: “Бог даў мне магчымасьць рабіць тое, што я сам хачу” (фота)


Ігар Карней, Менск Народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў у свае 82 гады дасьць фору шмат якім маладым калегам. На прызнаньне самога Шчамялёва, апошнім часам мае сапраўдны голад на працу: актыўна езьдзіць па Беларусі, а потым увасабляе ўбачаныя вобразы на палатне. У майстэрні мастака пабываў наш карэспандэнт.

У дамоўлены час мяне ўжо чакалі расстаўленыя ля сьцен новыя працы — пранізьліва радаснае, узьнёслае сьветаадчуваньне. Тыя ж жанры — партрэт, натурморт, пэйзаж. Але яшчэ болей рамантычнасьці, алегарычнасьці, філязафічнасьці. Першае ж пытаньне: што самому майстру найболей падабаецца са зробленага за апошні год?

(Шчамялёў: ) “Мне падабаецца “Партрэт Маргарыты”… Таксама натурморт, пакуль ён ня мае назвы. Гэта своеасаблівы аўтапартрэт, там намаляваная і мая фігура. Натурморт інтэр’ерны, з прадметамі, якія могуць нагадваць пра працу, жыцьцё мастака…І Вэнэра, якая як узрушэньне, як найвялікшае мастацтва, якое калі-небудзь было”.

Леаніду Дзьмітрыевічу 82 гады. Але ён у найвыдатнейшай форме — і фізычнай, і творчай. За дзьве гадзіны, што я правёў побач зь ім, Шчамялёў ні разу не прысеў. Знаўцаў творчасьці Шчамялёва зьдзіўляе вялікая колькасьць карцін, што выходзяць з-пад яго пэндзля апошнім часам. Карцін высокага мастацкага ўзроўню, якія напоўненыя філязафічнасьцю асэнсаваньня дачыненьняў чалавека са сьветам, у якім ён жыве. Карцін, кожная зь якіх зьдзіўляе нечаканай калярыстыкай. Натуральнае пытаньне: як ён гэтага дамагаецца? Як арганізоўвае творчы працэс?

(Шчамялёў: ) “Я некалькі карцін адразу пачынаю пісаць. А пасьля іх адстаўляю. Асобныя доўга чакаюць. Я чакаю, калі яны “павянуць”, а затым працягваю. Каб была сьвежасьць на палатне. Я адзін і той жа колер вар’ірую, каб ён захоўваўся. Прыкладам, белы або зялёны, сіні, каб яны сталі імпрэсіяністычнымі паводле духу. А асобныя атрымліваюцца і за дзень-другі. Фігуратыўныя карціны, натуральна ж, кампануеш. Яны доўга сьпеюць”.

Леанід Шчамялёў працуе штодня і стараецца прытрымлівацца заведзенага шмат гадоў таму распарадку працы. У майстэрню прыходзіць аб 11-й раніцы.

(Шчамялёў: ) “Ад 11-й у мяне добрае сьвятло. Не трапляе сонейка, аўра такая срабраватая ў майстэрні. І я добра тады магу пісаць. І я працую так без усялякага адпачынку прыкладна да 3-й гадзіны. І далей у майстэрні не працую. Пасьля дома я кампаную, у кватэры ў мяне ёсьць стол, флямастары. А сюды не вяртаюся. Чаму? Каб прыйсьці раніцай і сьвежым позіркам нешта дадаць. Хаця я часам і парушаю гэты распарадак. Я зусім свабодны чалавек, Бог даў мне такую магчымасьць рабіць тое, што я сам хачу”.

Леанід Шчамялёў асабліва падкрэсьлівае сваю ўнутраную свабоду і незалежнасьць ад палітычнай каньюнктуры. Запытваю — як ён ставіцца да зьяўленьня розных мастацкіх суполак? У прыватнасьці, да новай ініцыятывы некалькіх творцаў, якія аб’ядналіся ў суполку ваенных мастакоў. Цяпер іх запрашаюць на вайсковыя вучэньні, і яны на замову Міністэрства абароны малююць батальныя карціны. Сярод герояў — галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі Аляксандар Лукашэнка, сілавыя міністры.

(Шчамялёў: ) “Гэта нейкая чыста мэркантыльная, падмацаваная матэрыяльным інтарэсам, справа. Ідэйнай агульнасьці тут няма. Зь іншага боку, каб быць гісторыкам, майстэрства павінна быць адпаведнае — я маю на ўвазе батальны жывапіс. Я таксама займаўся ваеннымі тэмамі — “Маё нараджэньне”, “Трыбунал”, “Цяжкія гады”, але я ніколі ня быў баталістам. Я паказваў працэс жыцьцёвага стану ў гэтыя страшныя гады. А ў батальныя тэмы ўлазіць — гэта ня так проста”.

Леанід Шчамялёў

Леанід Шчамялёў

Леанід Шчамялёў

На здымках (фота Ігара Карнея): Леанід Шчамялёў у майстэрні Натурморт (пакуль бяз назвы) “Партрэт Маргарыты” (дачка мастака)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG