Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На беларускіх могілках у Нью-Брансьвіку пахавалі Яніну Каханоўскую


Сяргей Навумчык, Нью-Ёрк На беларускія могілкі ў Нью-Брансьвіку пад Нью-Ёркам разьвітацца з найстарэйшай жанчынай дыяспары прыйшлі прадстаўнікі розных пакаленьняў беларускай эміграцыі. У кветках зусім невялікая чорная скрыня – спадарыня Яніна прасіла, каб зрабілі крэмацыю яе цела, і гэтая воля была выкананая.

Старшыня Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня Антон Шукелойць нагадаў, што Яніна Каханоўская паходзіла зь сям’і, якая самым беспасярэднім чынам прычынілася да вызначальных падзеяў у гісторыі Беларусі. Сярод гэтых падзеяў – паўстаньне Каліноўскага, стварэньне братамі Луцкевічамі (дзядзькамі Яніны) 3-й Статутнай граматы і абвяшчэньне БНР. Сям’я спазнала й бальшавіцкія рэпрэсіі, сама ж Яніна Каханоўская выжыла – але коштам эміграцыі.

Прысутныя казалі пра надзвычайную дабрыню Яніны Каханоўскай – ніхто і ніколі ня чуў, каб яна на кагосьці сварылася ці нават некага крытыкавала. З адзіным выключэньнем – яна вельмі не любіла камуністаў.

Янка Запруднік, які некалі быў шэфам нью-ёрскага бюро радыё “Свабода”, прыгадаў адну складаную сытуацыю, калі службе пагражалі істотныя скарачэньні – і толькі спадарыня Яніна павяла сябе годна, без гістэрык і нэрвовасьці.

На завяршэньне выступіў Данчык. Ён падзякаваў прысутным за памяць пра бабцю Яніну, якая была для яго з самых першых сьвядомых імгненьняў жыцьця яшчэ й найлепшым і блізкім сябрам.

З адыходам Яніны Каханоўскай канчаткова абрываецца нашая жывая сувязь з заснавальнікамі БНР Іванам і Антонам Луцкевічамі, з Максімам Багдановічам ды зь іншымі выдатнымі асобамі першай чвэрці мінулага стагодзьдзя. Цяпер ужо не засталося нікога, хто ведаў іх асабіста.

Першая хваля беларускага нацыянальнага Адраджэньня ад гэтага моманту пераходзіць у архівы, падручнікі і энцыкляпэдыі. Што да апошніх, дык у іх, у энцыкляпэдыях, у па-сапраўднаму незалежнай Беларусі Яніне Каханоўскай будзе адведзена пачэснае месца.
XS
SM
MD
LG