Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Голы, зьбірайся – голы гатоў


Антаніна Хатэнка, Менск Адпачатна азначана ў гэтай прымаўцы, здаецца, характэрная рыса чалавека вольнага, ня надта залежнага ад акалічнасьцяў ды штучных межаў.

Але зь цягам часу, пэўне, істотнае нешта пераасэнсавалася, і павярнулася сутнасьць адваротным бокам – голым, бядачым. Яшчэ мая бабуля – памятаю – прамаўляла: голы, зьбірайся – голы гатоў, –пасьміхаючыся з самое сябе: маўляў, нічым залішне не абцяжарана, сама сабе гаспадыня, лахі пад пахі – ды ў дарогу. І гэтак жа раскута-лёгка вяскоўцы маглі абвясьціць: усе мае зборы – пасталы ды аборы, – не на беднасьць зважаючы, але на адказнасьць за сябе й свой выбар.

Ды як мяняецца побыт і пачуваньне чалавека ў штодзённасьці, гэтак і фіксуе ўсё да адценьня моўная культура. І вось ужо адчуваецца бальшынёй беларусаў занішчанасьць, жабрачасьць – значэньне галоты паступова пераважыла значнасьць волі.

Усходнія суседзі, дарэчы, у адпаведнай формуле акцэнтуюць увагу менавіта на нястачы: “Что бедному собраться? – Только подвязаться”. Якраз гэтае разуменьне голасьці перад сьветам разам з валадарнай расейскай мовай пранікла і ў тканку нашага сьветагляду.

Цікава трансфармаваўся памянёны паўжарт-паўенк за часам савецкім, калі тысячы адукаваных людзей бязглузда адседжвалі працоўны час у плётках і показках па розных праектных і навуковых установах. Там я й падслухала, як адна дама нагадала каляжанцы пра час дамоў зьбірацца, а тая ўзрадавана ўсклікнула: “А што мне зьбірацца? Рот закрыю – і пайду”.

Некалі зьвеецца пыл пустых абяцанак “заўжды гатоў!”, сыдзе ў нябыт гаротнасьць, затое свабода заставацца адкрытым да ўсялякіх перамен і не чапляцца сьвядомасьцю за стэрэатыпы ўсьміхнецца дзедавым заклікам: голы, зьбірайся – голы гатоў...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG