Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбар беларускага прызыўніка: армія альбо турма


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня Савет Рэспублікі плянуе зацьвердзіць у нацыянальным заканадаўстве новыя карныя меры за ўхіленьне ад прызыву ў войска. Паводле ўнесенага на разгляд законапраекту, адміністрацыйныя захады будуць замененыя на турэмныя тэрміны.

У ліпені ў Беларусі пачнецца адпраўка прызыўнікоў у войска. Паводле Міністэрства абароны, ва Ўзброеныя Сілы, Унутраныя і Памежныя войскі, а таксама на салдацкія пасады ў КДБ будзе накіравана каля 13 тысяч чалавек. Як паведаміў карэспандэнту Свабоды адзін з супрацоўнікаў Міністэрства абароны, звычайна да трох тысяч прызначаных у навабранцы беларускай арміі падаюцца ва ўцёкі. Паводле афіцэра, сілавое ведамства даўно дамагаецца ўзмацненьня адказнасьці за ўхіленьне ад прызыву.

(Супрацоўнік Мінабароны: ) “Меры дыктуюць сёньняшнія справы. Прыцягнуць прызыўніка да крымінальнай адказнасьці мы ня можам, пакуль не накладзём штраф. Штраф ня можам накласьці, бо няма яго подпісу ў позьве. Позву ён не падпісвае, бо на вызначаным адрасе не пражывае”.

Пакуль у Беларусі так званыя "ўхілісты" не маглі прыцягвацца да крымінальнай адказнасьці без абавязковай юрыдычнай прафіляктыкі ці адміністрацыйнага пакараньня ў выглядзе папярэджваньняў і штрафаў. Плянуецца, што гэтыя артыкулы будуць увогуле вынятыя з Крымінальнага кодэксу. Затое ўзмацняецца артыкул 435. У новай рэдакцыі ён прадугледжвае да пяці гадоў пазбаўленьня волі, калі прызыўнік наўмысна ўхіляецца ад службы. Інфармацыю пра гэтыя зьмены падаюць прэсавыя службы як Мінабароны, так і Савету Рэспублікі. Пра іх начутая моладзь, і вось што гавораць сёньняшнія прызыўнікі ў апытаньні Радыё Свабода на вуліцах Менску.

(Юнак-1: ) “Цяпер шмат гаворкі, што будзе скарачацца тэрмін службы ў арміі, аб увядзеньні альтэрнатыўнай службы. Але ўсё гэта плянуецца ўвесьці праз дзесяць гадоў. А зараз нас ставяць перад яшчэ больш жорсткім фактам – у цябе ёсьць толькі два выйсьці: ці ісьці ў гэтую армію, ці сесьці ў турму”.

(Юнак-2: ) “Людзі як “касілі”, так і будуць “касіць” ад войска. Толькі гэта будзе рабіць больш цяжка. Вялікія хабары будуць у ваенкаматах”.

(Юнак-3:) “ Напэўна, ня ўсё добра ў нашай арміі. Улада спрабуе запалохаць маладых людзей, каб яны ішлі служыць у войска”.

А вось як камэнтуе сытуацыю былы вайсковец, вядомы палітык Мікола Статкевіч”.

(Статкевіч: ) “Вельмі цяжка ўладзе абгрунтаваць неабходнасьць служыць у войску для маладога чалавека, які лічыць, што ён проста губляе паўтара года свайго жыцьця. Тым больш, што апэляваць да нейкага мутантнага патрыятызму, сфармуляванага беларускай сучаснай дзяржаўнай ідэалёгіяй, вельмі цяжка. Гэта першая прычына, а другая – арміі іншых краінаў сьвету пераходзяць на кантрактную сыстэму, зьвяртаюцца да прафэсіяналаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG