Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Настаўнікі зноў ідуць у адпачынак бяз грошай


Іна Студзінская, Менск Лета звычайна – час адпачынкаў. Настаўнікам у гэтым сэнсе шанцуе больш, чым каму іншаму. Адпачываюць яны ў асноўным менавіта летам. Але кожны год паўтараецца тая самая праблема. Адпускныя грошы перад адпачынкам не даюць, у лепшым выпадку іх пералічваюць часткамі, а то й наагул пасьля адпачынку, увосень. Вось і паспрабуй куды-небудзь паехаць, ды яшчэ з дзецьмі! Чаму кожны год настаўнікі сутыкаюцца з такой праблемай?

Найбольш складанае становішча ў рэгіёнах – заробкі і адпускныя настаўнікі атрымліваюць зь мясцовага бюджэту. І затрымкі з выплатай грошай – гэта, так бы мовіць, хранічная хвароба. Вось і цяпер шмат дзе многія пэдагогі пайшлі ў адпачынак, нават не атрымаўшы травеньскага заробку. Распавядае настаўніца адной з сельскіх школ Барысаўскага раёну.

(Настаўніца: ) “Вось ужо тыдзень, як я знаходжуся ў адпачынку. Але адпускныя грошы я ня бачыла ў вочы. Вось толькі 27 чэрвеня мы атрымалі травеньскі заробак. Адпускныя абяцалі выплаціць на наступным тыдні, а зарплату за чэрвень – у канцы ліпеня, з затрымкай на месяц”.

Больш за ўсё шанцуе звычайна сталічным настаўнікам. У Менску затрымак амаль не бывае – мясцовы бюджэт тут больш моцны. У сталіцы нават цягам году настаўнікам даплачваюцца дзьве базавыя велічыні, а клясным кіраўнікам – тры базавыя зь мясцовага бюджэту. Таму ў іх заробкі значна большыя, чым у рэгіёнах. Гэта несправядліва, лічыць старшыня камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Уладзімер Здановіч. Што да несвоечасовай выплаты адпускных, то дэпутат, у мінулым дырэктар сельскай школы Драгічынскага раёну Уладзімер Здановіч выказаўся такім чынам:

(Здановіч: ) “Вельмі многае залежыць ад таго, наколькі паважліва ставіцца да настаўнікаў кіраўнік рэгіёну. Напрыклад, у Драгічынскім раёне праблем з выплатай адпускных грошай настаўнікам не ўзьнікае. Таму што перажывае чалавек за гэтую катэгорыю насельніцтва. Цяжка адразу адначасна па ўсёй краіне выплаціць вельмі вялікую суму грошай. Таму кіраўнікі ідуць на такія хітрыкі: ідуць насустрач настаўнікам і выплачваюць іх паступова, так, як плацілі заработную плату: палова адпускных ідзе за першы месяц, потым астатняя палова”.

Згодна з законам, усе адпускныя выплаты павінны быць налічаныя за некалькі дзён да пачатку адпачынку. Не такія ж высокія ў іх заробкі ў настаўнікаў, каб сабраць на адпачынак, мець свабодныя сродкі, якія можна патраціць на падарожжа зь дзецьмі ці паездку да сваякоў у іншую мясцовасьць. Тэарэтычна і парлямэнтары, супрацоўнікі Мінстэрства адукацыі з гэтымі довадамі пагаджаюцца, але як вырашыць пытаньне – ніхто нічога канкрэтнага не прапанаваў.

Меркаваньне дэпутата Уладзімера Здановіча:

(Здановіч: ) “Я ня ведаю, як з гэтым справіцца. Мы можам адарваць ад усіх галін грошы, укінуць у гэту галіну, аддаць настаўнікам, але мы пасадзім гэтыя галіны, адкуль гэтыя грошы былі, скажам так, “выняты”, і тады яны будуць працаваць яшчэ горш. Кола замкнецца, і яшчэ на больш даўгі тэрмін будзе адтэрмінаваная выплата гэтых адпускных. Складанае пытаньне, і наскокам, загадам яго вырашыць нельга, яно будзе вырашацца паступова, эканамічна”.

А пакуль бальшыні беларускіх настаўнікаў давядзецца, хутчэй за ўсё, праводзіць свой адпачынак не ў вандроўках, падарожжах і паездках, а седзячы ў хаце, корпаючыся ў гародзе, ці, у лепшым выпадку, на лецішчы…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG