(Кандратовіч: ) “Вы ведаеце, мы ўсе ў такім шоку. Нас будуць зносіць, ведаеце, як нам балюча. Як старым людзям дабірацца на гэтыя паверхі? Я хачу дажыць старасьць у сваім кутку. Маё дзяцінства, маладосьць прайшлі тут. Мы будаваліся ў такіх складаных умовах…”
(Карэспандэнтка: ) “А што вам прапаноўваюць наўзамен?”
(Кандратовіч: ) “Пакуль яшчэ нічога”.
Недалёк ад будынку спадарыні Франі дом, дзе жыве вялікая цыганская сям’я. На ганку сядзіць пажылая спадарыня.
(Спадарыня: ) “Як вы ставіцеся да таго, што ў будучым гэтыя дамы і ваш дом будуць зьнесеныя?”
(Спадарыня: ) “Значыцца, кватэры дадуць. Калі не памру, канечне. У мяне васьмёра дзяцей і васьмёра ўнукаў. І ўсе тут. Лепш бы зьнесьлі”.
Зусім іншае меркаваньне ў спадарыні Ніны, што жыве на вуліцы Літаратурнай. У яе вялікі двухпавярховы цагляны дом, участак абнесены прыгожым бэтонным плотам.
(Ніна: ) “Цяпер яны зьнясуць, пабудуюць, а гэтых людзей раскідаюць куды заўгодна. Мы ўклалі ўсё жыцьцё сваё ў гэта. Пачалі зь пясочку, і ўсё рабілі сваімі рукамі, а цяпер яны ўсё гатовае возьмуць і зьнясуць”.
Жыхар трохпавярховага катэджу, абкладзенага сайдынгам, спадар Уладзімер спадзяецца, што рэканструкцыя абміне ягоны дом, паколькі ён фактычна новы. На гэта ж спадзяецца спадарыня Рыта з вуліцы Тургенева.
(Рыта: ) “У пляне стаіць, але будуць прапаноўваць варыянты. І мяне адсюль ніхто гвалтам ня можа высяліць. Паводле закону мне павінны даць такі самы дом, калі я не пагаджаюся на кватэру. Яны ўжо будуць самі вырашаць, што больш выгадна — зносіць ці пакідаць, таму што я ведаю, што некаторыя дамы вынесеныя з пляну. Калі што, будзем ваяваць”.
Сытуацыю для Радыё Свабода камэнтуе старшыня Менскага саюзу домаўладальнікаў Кастусь Міронаў:
Праграма рэканструкцыі жылой сядзібнай забудовы Менску разьлічаная на пятнаццаць гадоў, а раёнаў вуліцаў Чыгуначнай, Арлоўскай, Дзяржынскага і перакрыжаваньня Багдановіча і Някрасава — на дзесяць гадоў.