Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чырвоным касьцёле – прэзэнтацыя кнігі паэзіі Рыгора Барадуліна


Валянцінца Аксак, Менск У Менскім Чырвоным касьцёле сёньня ўвечары будуць "ксціцца па-барадулінску". А ініцыянаваў вершаваную імпрэзу народнага паэта пробашч касьцёлу ксёндз Уладыслаў Завальнюк. На ягонае бласлаўленьне выдадзеная кніга Рыгора Барадуліна “Ксты”, і прэзэнтацыя яе адбудзецца пад скляпеньнямі вялікае залі Чырвонага касьцёлу.

Гэта дыхтоўны фаліянт, пад вокладкамі якога знайшлі сваё месца многія ранейшыя і новыя вершы знанага паэта. Аб’ядноўвае іх найперш тэма – біблійнасьць. Але ня столькі сюжэтамі, колькі вобразнасьцю, а яшчэ нейкаю асабліваю шчымліваю інтанацыяй, якая і набліжае іх да малітоўнасьці, вылучаецца гэтая кніга. Напэўна, полацка-вушацкае слова “Ксты”, якое лягло на вокладку ў якасьці назвы, дакладна перадае яе зьмест.

Чаму кніга прэзэнтуецца не ў тэатральнай залі Чырвонага касьцёлу, дзе звычайна ладзяцца культурніцкія імпрэзы, а ў вялікай, дзе праводзяцца набажэнствы? Гэта рашэньне пробашча касьцёлу ксяндза-магістра Ўладыслава Завальнюка, які, дарэчы, сам стаў укладальнікам кнігі “Ксты” і напісаў да яе вельмі ўзьнёслую прадмову. Кніга выдадзеная рыма-каталіцкаю парафіяй сьвятых Сымона ды Алены і яе ўжо можна, дарэчы, набыць у шапіку пры Чырвоным касьцёле.

Нагадаем, што прэзэнтацыя кнігі духоўнае паэзіі Рыгора Барадуліна “Ксты” адбудзецца сёньня ўвечары ў вялікай залі менскага Чырвонага касьцёлу. Пачатак а 19-й гадзіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG